BE RU EN

Колькі для беларусаў каштавацьме летні тур на мора для дваіх?

  • 16.03.2023, 11:31

Ранняе рэзэрваванне тураў на лета 2023 года ўжо ідзе.

Што і за колькі прапануюць турагенцтвы, якія краіны цікавяць беларусаў і якія прагнозы на будучы турыстычны сэзон, даведаўся intex-press.by.

Як адзначаюць у турагенцтвах Баранавічаў, папулярнымі кірункамі 2023 года застаюцца Егіпет, ААЭ, Грузія, а таксама Турцыя. Дарэчы, нават землятрусы ніяк не адбіліся на колькасці ахвочых адпачыць у Турцыі.

Тое, што гэтыя краіны, нягледзячы на значны рост кошту тураў і ўскладненне лагістыкі, карыстаюцца папулярнасцю ў беларусаў, супрацоўнікі турагенцтваў тлумачаць тым, што ахвочыя адпачыць за мяжой банальна не маюць іншага выбару. Бо для выезду ў краіны Шэнгенскай зоны патрабуецца віза, а атрымаць яе сёння няпроста.

- Таму людзі будуць адпачываць там, дзе ёсць такая магчымасць у прынцыпе. А гэта пераважна Егіпет, Турцыя, ААЭ. Ужо рэзэрвуюць на жнівень і верасень, - расказалі ў адным з турагенцтваў Баранавічаў.

У арганізацыях турыстычнага бізнэсу адзначаюць, што асноўныя змены закранулі цэны: яны, у параўнанні з 2022 годам, падраслі прыкладна на 15-20%. Напэўна, таму беларусы сталі часцей цікавіцца аўтобуснымі турамі, якія таннейшыя. Напрыклад, 16-дзённы тур-экскурсія ў Грузію каштуе на аднаго чалавека 430 даляраў - гэта амаль у два разы танней, чым тур з авіяпералётам.

Прапаноўваюцца таксама аўтобусныя туры ў Італію і Гішпанію, але рэзэрваваць іх трэба зарання, каб паспець адкрыць візу. Сямідзённы аўтобусны тур у Італію, напрыклад, на сённяшні дзень каштуе на чалавека €350 без уліку візы.

- Цікавяцца месцічы выправамі ў Краснадарскі край. Гэта даступна і зручна: сеў у аўтобус у Баранавічах, выйшаў ля мора, - расказалі ў іншым турагенцтве. - На першыя выезды 3 чэрвеня цэны стартуюць ад $ 250 за 10 дзён на чалавека.

З нязвыклых месцаў, якімі сталі цікавіцца жыхары Баранавіч, можна адзначыць туры ў Адыгею, Дагестан.

А вось туры ўнутры краіны карыстаюцца попытам у школьных груп або розных арганізацый. Адпачываць зазвычай уважаюць за лепшае на Нарачы, Браслаўскіх азёрах і ў розных прафілакторыях.

Што да прагнозаў, якім будзе гэты сэзон, то рабіць іх турыстычныя аператары не бяруцца.

- У нашай дзейнасці гэта практычна немагчыма, усё залежыць ад таго, што адбываецца ў свеце. Нам застаецца толькі спадзявацца, што колькасць кірункаў і краін, якія мы зможам прапанаваць адпачывальнікам, будзе толькі павялічвацца, - растлумачылі ў турагенцтве.

Сярэдні кошт тура на дваіх на чэрвень 2023 года (10 начэй, «усё ўключанае»):

Турцыя: ад €1470;

Егіпет: ад $1800;

ААЭ: ад $1600.

Апошнія навіны