BE RU EN

У Турцыі загінула беларуска разам з мужам і двума дзецьмі

  • 8.02.2023, 17:12

У доме, дзе жыла гэтая сям'я, уратаваліся ўсе, акрамя іх.

У горадзе Кахраманмарашы каля Газіянтэпа - эпіцэнтра землятрусу - загінула беларуска разам з мужам і дзецьмі. Пра гэта «Белсату» распавяла яе знаёмая, таксама грамадзянка Беларусі, якая стала жыве ў Турцыі:

«У свой час мой і яе муж разам вучыліся ў Менску. Пасля мы ўжо тут, у Турцыі, сябравалі сем'ямі. Два дні не даходзілі паведамленні, абодва тэлефоны былі выключаныя. Мы спадзяваліся да апошняга, што жывыя, што проста села батарэя. Адзін з сяброў яе мужа напісаў, што яны пад завалам, іх шукаюць. А потым напісаў, што ўжо ўсё, іх няма. Пазней гэта пацвердзілі іхнія родныя. Сказалі, што ўсе ўратаваліся, акрамя іх сям'і».

У сям'і выхоўвалі 11-гадовага хлопчыка і 4-гадовую дзяўчынку.

Знаёмыя цяпер шукаюць родных загінулай беларускі. Дзе яе пахаваюць, пакуль невядома.

«Цяпер туды нікога не пускаюць, мы думаем, што праз колькасць загінулых іх будуць хаваць як мага хутчэй. Таму нават не ведаю, ці можна ў такім разе забраць іх. Нават мы не можам туды заехаць, бо гарады закрытыя», – кажа суразмоўніца тэлеканала.

Апошнія навіны