Урсула фон дэр Ляен і Жазэп Барэль прыехалі ў Кіеў
- 2.02.2023, 11:08
Высокапастаўленыя прадстаўнікі ЕЗ заявілі аб «наймацнейшым сігнале» Украіне і РФ.
Прэзідэнтка Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен і кіраўнік дыпламатыі ЕЗ Жазэп Барэль прыбылі ў Кіеў у чацвер, 2 лютага.
Аб гэтым яны паведамілі ў Twitter.
Гэта ўжо чацвёрты візіт Урсулы фон дэр Ляйен у Кіеў з пачатку развязанай Расеяй поўнамаштабнай вайны. Разам з ёю прыехала каманда еўракамісараў.
«На гэты раз (прыехала - рэд.) з маёй камандай камісараў. Мы тут разам, каб паказаць, што ЕЗ стаіць побач з Украінай як ніколі. І для далейшага паглыблення нашай падтрымкі і супрацоўніцтва», - напісала Урсула фон дэр Ляен.
Тым часам аб сваім візіце ў Кіеў паведаміў і кіраўнік дыпламатыі ЕЗ Жазэп Барэль.
«Прыбыў у Кіеў, каб перадаць наймацнейшы сігнал падтрымкі ЕЗ усім украінцам, якія абараняюць сваю краіну. Дапамога Еўразвязу дасягнула 50 мільярдаў еўраў з пачатку вайны Расеі. Еўропа была аб'яднаная з Украінай з першага дня. І будзе з вамі, каб перамагаць і аднаўляцца», - паведаміў ён у сеціве.
Між тым, як піша Reuters, у Кіеў прыбылі больш за дзясятак чыноўнікаў Еўрапейскага Звязу з абяцаннямі дадатковай вайсковай, фінансавай і палітычнай дапамогі.
Выданне піша, што гэтая сімвалічная паездка мае на мэце падкрэсліць падтрымку Украіны напярэдадні першай гадавіны поўнамаштабнага ўварвання Расеі.
«Гэта вельмі моцны сігнал, што мы знаходзімся ў Кіеве падчас вайны. Гэта сігнал для ўкраінскага народа. Гэта сігнал для Расеі. Гэта сігнал для міру», - сказаў высокапастаўлены чыноўнік ЕЗ выданню.
Як чакаецца, высокапастаўленыя чыноўнікі Еўразвязу сёння сустрэнуцца з чальцамі ўкраінскага ўрада ў Кіеве, а ўжо заўтра запланаваны анансаваны саміт Украіна - ЕЗ.