BE RU EN

Маці добраахвотніка Эдуарда Лобава расказала пра яго апошні бой

  • 1.02.2023, 14:58

Збіраюцца подпісы, каб прысвоіць беларусу добраахвотніку званне «Герой Украіны».

Беларус Эдуард Лобаў на радзіме марыў стаць афіцэрам і для гэтага пайшоў у войска. Пасля выбараў 2010 года трапіў за краты і адседзеў «ад званка да званка», бо адмовіўся пісаць прашэнне аб памілаванні. Пасля вызвалення служыў ва ўкраінскім войску, ваяваў супраць войска РФ, а 26 студзеня загінуў пад Вуглядарам. Ягоная маці Марына Лобава распавяла «Радыё Свабода» пра стаўленне сына да беларускіх пратэстаў, службу ва ўкраінскім войску і апошні бой.

МАЦІ ДАБРАВОЛЬЦА МАРЫНА ЛОБАВА
ФОТА: «РАДЫЁ СВАБОДА»

Служыў у дэсанце і стаў апазіцыянерам

У дзяцінстве Эдуард марыў стаць вайскоўцам і пасля школы пайшоў у войска, служыў у 103-й асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгадзе ў Віцебску. Дэмабілізаваўшыся ўлетку 2010 года, ён адразу ж уступіў у «Малады фронт» - тады акурат пачалася падрыхтоўка да прэзідэнцкіх выбараў, Лобаў стаў сябрам ініцыятыўнай групы Віталя Рымашэўскага.

Напярэдадні 19 снежня — дня выбараў і разгону пратэстаў яго прэвентыўна затрымалі разам са Змітром Дашкевічам, а потым прысудзілі да 4 гадоў пазбаўлення волі паводле артыкула аб хуліганстве. Марына Лобава прызнаецца, што для яе гэта была трагедыя:

- Я думала, што свет рухнуў. Хаця Эдзік падазраваў, што будуць правакацыі, што яго могуць пасадзіць. Ён мяне папярэдзіў, каб я была гатовая да ўсяго і каб асабліва не перажывала.

Эдзік наогул мяне аберагаў ад усякіх трывог і непрыемнасцяў. Ён ніколі ні на што не скардзіўся. У яго ўсё заўсёды было добра. Нават калі ў турме сядзеў, хварэў там, я даведвалася пра гэта, калі ён папраўляўся. Тое ж самае было і ва Украіне. Ён аберагаў мяне ўвесь час.

«Цвёрда пастанавіў, што пойдзе добраахвотнікам на Данбас»

Пасля вызвалення ў снежні 2014 года за Лобавым устанавілі нагляд. Яго затрымалі на мітынгу на Дзень Волі і завялі чарговую крымінальную справу, і тады Эдуард з'ехаў з Беларусі ва Украіну:

- Я хацела, каб Эдзік з'ехаў у Польшчу. Але ён пастанавіў, што ва Украіне будзе служыць у войску, выканае сваю юнацкую мару - стаць вайскоўцам. Ён цвёрда пастанавіў, што пойдзе добраахвотнікам на Данбас.

Добраахвотнікам Лобаў быў з 2015 года, а ў 2017-м, калі ва ўкраінскае войска дазволілі набіраць замежнікаў, падпісаў кантракт на тры гады ў брыгаду спецыяльнага прызначэння ў Хмяльніцкім.

- Там ён праслужыў 3 гады. Набыў сабе ў Хмяльніцкім невялікую кватэрку, зрабіў рамонт. У яго быў добры сябар Богдан, украінец, які яму дапамагаў. Гэтага сябра забілі на пачатку вайны...

Сына Марына апошні раз бачыла ў 2019 годзе. Пасля пачатку пандэміі мець размаўляць удавалася толькі праз мэсэнджары.

ЗАГІНУЛЫ ПАД ВУГЛЯДАРАМ БЕЛАРУСКІ ДАБРАВОЛЕЦ ЭДУАРД ЛОБАЎ
ФОТА: «РАДЫЁ СВАБОДА»

«Быў упэўнены, што мірным шляхам Лукашэнку не прыбраць»

Са слоў Марыны Лобавай, у 2020 годзе Эдуард не быў прыхільнікам мірных пратэстаў:

- Ён быў упэўнены, што мірным шляхам Лукашэнку не прыбраць. Ён меркаваў, што тады, улетку 2020 года, беларусам трэба было ваяваць. А кветачкі дарыць міліцыянтам - гэта ўжо за гранню. Яны збівалі, гвалтавалі людзей, а дзяўчаты ім кветкі дарылі…

Пасля падзеяў 2020 года Марыне Лобавай таксама давялося з'ехаць з Беларусі, нягледзячы на пакінутыя на радзіме дом і кватэру:

- А калі стала вядома, што затрымліваюць сваякоў тых, хто ваюе ва Украіне, то ўвогуле зразумела, што ў Беларусь нельга вяртацца.

«Калі пачалася вайна, ён мяне ўвесь час суцяшаў, падтрымліваў»

- Калі я чытала, што ў пачатку 2022 года расейцы канцэнтруюць свае войскі каля мяжы з Украінай, я адчувала, што будзе вайна. Пісала Эдзіку пра гэта. Ён мяне суцяшаў: «Не-не, гэта толькі вучэнні», - кажа Марына Лобава. - За тыдзень да пачатку вайны я зноў напісала, што, магчыма, будзе вайна. Эдзік адказаў: «На жаль, мы не можам на гэта паўплываць». Ён усё ведаў.

Перад самай вайной добраахвотнік, адклаўшы адпачынак, прыняўся асвойваць гранатамёты і заходнія супрацьтанкавыя ракетныя комплексы NLAW і Javelin.

- Калі пачалася вайна, ён мяне ўвесь час суцяшаў, падтрымліваў, каб я не хвалявалася, калі яго не будзе ў інтэрнэце, бо могуць быць праблемы з сувяззю. Як толькі я прачынаюся, бяру тэлефон, гляджу, калі Эдзік быў на сувязі. Выходзіў у інтэрнэт нядаўна - я шчаслівая!

УЗНАГАРОДА ЛОБАВА ЗА АБАРОНУ КІЕВА, ПАДПІСАНАЯ ГЕТМАНАМ УСУ ВАЛЕРЫЕМ ЗАЛУЖНЫМ.
ФОТА: «РАДЫЁ СВАБОДА»

«Ён быў вельмі адказным»

Пасля пачатку расейскага ўварвання Лобаў браў удзел у абароне Кіева, атрымаў за гэта ўкраінскую ўзнагароду «За адзнаку ў ваеннай службе» 3-й ступені. Таксама добраахвотнік вызваляў Чарнобыль.

- Пазней яго перакінулі ў самае пекла - пад Вуглядар. Сын быў вельмі стомленым. Пісаў, што не было дзе выспацца нармальна, немагчыма адпачыць. Ніколі не пісаў раней, што цяжка, а тут напісаў, што ўмовы складаныя…

24 студзеня ён выходзіў у інтэрнэт. 25-га я спытала, ці ёсць перамены да лепшага. Ён не адказаў ужо… А 26-га Эдзіка забілі.

Як даведалася Марына Лобава, у тым баі яе сын сабой прыкрываў адыход параненага камандзіра:

- Такі мой Эдзік - ён не кіне нікога ў бядзе, сам не адыдзе ў бок. Ён заўсёды быў адказным. Калі ён сказаў, што будзе так рабіць, дык і зробіць…

Са слоў Марыны, дата пахавання яшчэ невядомая. Цела Эдуарда дагэтуль знаходзіцца ў зоне баявых дзеянняў ва Украіне. Як раней пісала «Радыё Свабода», яго збіраюцца транспартаваць у Польшчу і пахаваць у Варшаве.

Тым часам ва Украіне збіраюцца скласці петыцыю і сабраць подпісы за прысваенне Лобаву звання «Герой Украіны».

Даведка

Эдуард Лобаў - былы палітвязень. Ён быў затрыманы 18 снежня 2010 года разам з лідарам «Маладога фронту» Змітром Дашкевічам, а затым незаконна асуджаны на чатыры гады калоніі строгага рэжыму. Эдуард цалкам адбыў свой тэрмін у калоніі «Ваўчыныя норы».

Лобаў праходзіў тэрміновую службу ў 103-й асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгадзе ў Віцебску. Ваяваў ва Украіне з 2015-га года.

У 2014 годзе сайт Charter97.org абвясціў яго лаўрэатам Нацыянальнай прэміі ў галіне абароны правоў чалавека імя Віктара Івашкевіча.

Адзначым, што гэта ўжо 19-ты беларус, які аддаў жыццё за незалежнасць Украіны пасля пачатку поўнамаштабнай агрэсіі РФ.

У 2022 годзе загінуў іншы лаўрэат Нацыянальнай прэміяй за абарону правоў чалавека, заснаванай «Хартыяй-97», Васіль Парфянкоў.

Апошнія навіны