BE RU EN

Ці жывы Мікола Статкевіч?

  • НАТАЛЛЯ РАДЗІНА
  • 22.12.2023, 16:35

Беларускія ўлады ўтойваюць праўду пра лідара беларускай апазіцыі.

315 дзён, больш за 10 месяцаў, улады ўтойваюць інфармацыю аб стане і месцазнаходжанні лідара беларускай апазіцыі Мікалая Статкевіча. Па-ранейшаму забароненыя сустрэчы з адвакатам і спатканні з жонкай Марынай Адамовіч, няма званкоў і лістоў, забароненыя перадачы.

Яшчэ 23 лістапада я пісала са спасылкай на некаторыя крыніцы, што ёсць імавернасць, што Мікалая Статкевіча няма ў жывых і рэжым спрабуе схаваць гэтую інфармацыю, бо чарговая смерць палітвязня ў турме можа выклікаць сур'ёзны рэзананс і рэакцыю з боку міжнароднай супольнасці. Аднак ва ўладаў ёсць магчымасць зняпраўдзіць гэтую інфармацыю, паказаўшы Мікалая Статкевіча жывым, даўшы яму спатканне з жонкай ці хаця б званок па відэасувязі.

За апошні месяц да закліку паказаць Статкевіча далучыліся дэпутаты Еўрапейскага Парламента і шэраг еўрапейскіх палітыкаў. У апошняй рэзалюцыі Еўрапарламента змяшчаецца патрабаванне неадкладна спыніць ізаляцыю лідара беларускай апазіцыі. З асобнымі заявамі выступілі і многія ўплывовыя еўрадэпутаты. Ведаю, што робяцца пэўныя дзеянні і па лініі ААН.

Сёння важна не спыняцца і працягваць настойліва патрабаваць ад уладаў паказаць Мікалая Статкевіча ды іншых лідараў і актывістаў апазіцыі, ад якіх працяглы час няма ніякай інфармацыі. Тое, што адбываецца з палітыкам, нагадвае практыкі Сярэднявечча: з моманту арышту ў траўні 2020 года ён знаходзіцца ў адзіночных камерах, а ў калоніі ў Глыбокім яго змясцілі ў падвал будынка былога кляштара 18 стагоддзя. Жахлівае, бесчалавечнае стаўленне да Мікалая Статкевіча не павінна застацца беспакараным.

Неабходна працягваць міжнародную кампанію пад лозунгам «Пакажыце людзям Статкевіча!». Сотні тысяч беларусаў, якія выехалі ў апошнія гады ў розныя куткі свету, павінны сёння стукаць ва ўсе дзверы, праводзіць акцыі салідарнасці і заклікаць палітыкаў краін, дзе яны знаходзяцца, рэагаваць на здзекі з людзей, якія адбываюцца ў Беларусі.

Мы можам шмат. Важна дзейнічаць.

Наталля Радзіна, галоўная рэдактарка Charter97.org

Апошнія навіны