Netflix – тыя яшчэ лопухі
- Андрэй Саннікаў
- 13.12.2023, 17:43
Яны не заўважаюць такі афігенны сюжэт для сенсацыйнага серыялу.
«Хартыі’97» – дваццаць пяць!
Ганаруся тым, што быў датычны да стварэння найлепшага, самага смелага і самага папулярнага беларускага навінавага рэсурсу.
Netflix – тыя яшчэ лопухі, калі не заўважаюць такі афігенны сюжэт для сенсацыйнага серыялу.
У гісторыі «Хартыі» было ўсё:
– Там, як у амерыканскіх гаражах, фантанавалі ідэямі, якія станавіліся паспяховымі праектамі. Некаторыя ператвараліся ў камерцыйныя прыбытковыя стартапы (як іх назвалі б сёння), але гэта было ўжо не пра «Хартыю». Там дзейнічалі і дзейнічаюць правілы працы на свабоду Беларусі, а не на свой рахунак у банку.
– Офісы «Хартыі» зазналі налёты лукашысцкіх тантон-макутаў. Грамілі памяшканні, канфіскоўвалі абсталяванне, але супрацоўнікі прымудраліся выносіць самае важнае пад носам у гэбэшнікаў. Заснавальнік «Хартыі» Алег Бябенін быў у поўным захапленні, калі дубаломы выносілі маніторы, думаючы, што забіраюць кампутары, пры гэтым пакідаючы ў офісе сістэмныя блокі.
– Супрацоўнікам «Хартыі» пагражалі, шантажавалі, падкуплялі, вербавалі. Не ўсе вытрымлівалі, але «Хартыя» не прагіналася.
– Адна толькі гісторыя таемнага выезду Наталлі Радзінай з Беларусі з-пад носа ў гэбухі заслугоўвае асобнага серыялу, ці, як гэта цяпер называюць, спін оф галоўнага сюжэту.
Будучы серыял пра «Хартыю» – гэта баявік і драма, камедыя і трылер, гістарычны эпас і патрыятычны блокбастар.
Сёння твар «Хартыі» – гэта яе галоўная рэдактарка Наташа Радзіна. Бясстрашная, адданая Беларусі і сваёй справе, нязломная ў справах гонару і прынцыпаў. Калі вы думаеце, што гэта лёгка даецца, то глыбока, вельмі глыбока памыляецеся. Гэта даецца найцяжэйшай працай, вялізнай самадысцыплінай і безумоўнай верай у будучыню сваёй краіны.
Нават тое, што Наташа – адзіная публічная фігура «Хартыі» гаворыць пра тое, што яна абараняе супрацоўнікаў і кажа ўсім: вось яна я, усе прэтэнзіі да мяне, уся адказнасць на мне.
Нямногія наважваюцца на такое.
Нягледзячы на спробы абылгаць, ачарніць «Хартыю», у яе няма ворагаў. Гэта так!
Ёсць тыя, хто працуе пад куратарамі, злуецца на сваю слабадушнасць, спаганяе злосць на сябе ў зласлівых выпадах супраць «Хартыі», супраць прынцыповасці найстарэйшага беларускага рэсурсу, які свята беражэ агонь свабоды і імёны тых, хто яго захоўвае.
У «Хартыі» ёсць толькі сябры і прыхільнікі, усё астатняе – адкіды.
З днюхай, «Хартыя»!
Прарвемся!
Андрэй Саннікаў, «Фэйсбук»