У Беларусі паднімаюць стаўкі падатку на першую кватэру
- 6.10.2023, 12:44
Новыя стаўкі пачнуць дзейнічаць з 2024 года.
У Беларусі маюць намер узняць стаўкі падатку на першую кватэру. Гэта прадугледжана праектам змен у Падатковы кодэкс на 2024 год.
Нагадаем, падатак на першую кватэру з'явіўся ў 2022 годзе. Гэты збор складае 0,1% ад вартасці аднаго квадратнага мэтра. Атрыманую суму трэба памножыць на колькасць квадратных мэтраў кватэры. Разліковая вартасць аднаго квадратнага мэтра тыповых будынкаў — кватэр, гаражоў, машына-месцаў, садовых дамкоў — адрозніваецца ў залежнасці ад рэгіёна. Вышэйшая за ўсё яна ў Менску.
Чыноўнікі хочуць перагледзець вартасць аднаго квадратнага мэтра жылога памяшкання ў шматкватэрным жылым доме. Так, для Менска, як плануецца, яна вырасце да 968 рублёў (цяпер — 900 рублёў). Рост — на 7,6%.
Для абласных гарадоў і Менскага раёна вартасць аднаго «квадрата» хочуць падняць да 806 рублёў (цяпер — 750 рублёў), а для Баранавічаў, Бабруйска, Барысава, Ваўкавыска, Горак, Койданава, Жлобіна, Жодзіна, Кобрына, Крычава, Ліды, Мазыра, Маладзечна, Наваградка, Наваполацка, Воршы, Асіповічаў, Пінска, Полацка, Рэчыцы, Светлагорска, Слоніма, Слуцка, Смалявічаў, Смаргоні, Салігорска, Фаніпаля — да 710 рублёў (цяпер — 660 рублёў).
У астатніх населеных пунктах вартасць аднаго квадратнага мэтра павысілі да 538 рублёў (цяпер — 500 рублёў).
Як чакаецца, гэтыя сумы разліковай вартасці аднаго квадратнага мэтра будуць дзейнічаць на 1 студзеня 2024 года. Гэта значыць, паводле гэтых ставак трэба будзе плаціць падатак за 2024 год.