Беларускі валютны рынак чакаюць новыя ўзрушэнні
- 5.10.2023, 20:33
З пачатку года беларускі рубель ужо абясцэніўся да даляра на 22%.
Даляр дэманструе ў Беларусі цудоўную форму і расце чатыры дні запар. За гэты час амерыканская валюта абнавіла тры гістарычныя рэкорды.
Папярэдні максімум быў дасягнуты ў леташнім сакавіку на фоне эканамічнага шоку пасля расейскага ўварвання ва Украіну. Тады даляр каштаваў 3,3195 рубля. Цяпер – новы пік: за чатыры дні амерыканская валюта падаражэла на 0,0525 рубля і цяпер каштуе 3,3376 рубля. З пачатку года беларускі рубель дэвальваваўся да даляра на 22%.
Еўра таксама расце, аднак пакуль леташні гістарычны максімум не пераадолены. Тады на піку ён каштаваў 3,6670 рубля, цяпер – 3,5068. Сёлета найвышэйшы курс еўра быў зафіксаваны ў сярэдзіне жніўня: 3,5753 рубля.
Старэйшая навуковая супрацоўніца даследчага цэнтра BEROC Настасся Лузгіна патлумачыла «Белсату», што даляр апошнія дні расце ў адносінах да многіх валютаў:
«Амерыканскі рэгулятар, Федэральная рэзервовая сістэма, праводзіць жорсткую грашова-крэдытную палітыку, і даляр на сусветным рынку добра сябе адчувае. Ён расце да многіх валютаў цяпер».
Беларускі рубель вельмі моцна прывязаны да расейскага і плюс-мінус рушыць тым самым курсам.
«Больш за 50% аб'ёму гандлю на Беларускай валютна-фондавай біржы – у расейскіх рублях, і натуральна, што гэта адбіваецца на беларускім рублі. Гэта прамое дзеянне знешняга валютнага рынку, расейскага рубля. Калі будзе павялічвацца дзель разлікаў у расейскіх рублях, адпаведна, гэтая залежнасць будзе толькі вырастаць. Мы, вядома, не капіюем цалкам, але паўтараем дынаміку», – адзначыла эканамістка.
Лузгіна канстатавала, што расейскі рубель, які прычэпам цягне за сабой беларускі, цяпер не ў найлепшым стане, і ва ўладаў суседняй краіны не атрымліваецца ўмацаваць сваю валюту.
«Ціск на расейскі рубель захоўваецца. Валюта не паступае своечасова ў Расею ці экспарцёры яе нават не заводзяць у краіну. Калі расейскія ўлады не будуць уводзіць нейкія дадатковыя абмежаванні, то рубель можа яшчэ аслабнуць», – сказала экспертка, падкрэсліўшы, што, хутчэй за ўсё, нейкія захады ўсё ж будуць, бо на носе прэзідэнцкія выбары ў Расеі.
Пры гэтым нечаканасць на беларускім валютным рынку можа адбыцца і праз унутраныя чыннікі, адзначыла эканамістка цэнтра BEROC. Тут небяспека нясе адмоўнае сальда знешняга гандлю: Беларусь стала набываць больш імпарту, чым прадаваць за мяжу.
«У нас пагаршаецца сальда гандлёвага балансу, і калі гэтая тэндэнцыя будзе захоўвацца, дык ужо не знешнія валютныя рынкі будуць уплываць, а менавіта ўнутраны. Ёсць рызыкі зніжэння курсу беларускага рубля ў адносінах да ўсіх валютаў», – папярэдзіла экспертка.