Сабаленка зладзіла істэрыку падчас падрыхтоўкі да фіналу WTA
- 29.10.2023, 15:21
Спартоўка выставіла прэтэнзіі да арганізатараў турніру.
Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка, якая цяпер утрымлівае годнасць першай ракеткі свету, раскрытыкавала арганізатараў Выніковага тэніснага турніру WTA Finals.
У гэтым годзе спаборніцтвы надумалі праводзіць у мексіканскім Канкуне, але, нягледзячы на цёплы прыём, арганізаваць трэніроўкі вядучым тэнісісткам свету на вышэйшым узроўні арганізатарам не ўдалося.
Сабаленка паскардзілася на тое, што спартоўцам выдалі вельмі мала часу на тое, каб прывыкнуць да новага корта. Звычайна арганізатары буйных турніраў даюць на гэта тры-чатыры дні, каб спартоўцы маглі спакойна асвоіцца і прыстасавацца да новых для іх умоў. Аднак на гэты раз, паводле слоў беларускай тэнісісткі, ім выдзелілі ўсяго 45-60 хвілін.
«Я не задаволеная, што мы не змаглі трэніравацца на гульнявой пляцоўцы, то бок, на стадыёне. Я думаю, гэта не той узровень, які патрабуецца для фіналу WTA», - заявіла Сабаленка на прэс-канферэнцыі.
Яна адзначыла, што іншыя гульцы таксама незадаволеныя такімі абставінамі і, хоць "усе знаходзяцца ў аднолькавых умовах", умовы падрыхтоўкі да фіналу WTA павінны быць лепшымі.
“Гэта не добра. Але будзем бачыць - як ёсць, так ёсць. Спадзяюся, што ў наступным годзе WTA справіцца лепш”, - рэзюмавала беларуска.