BE RU EN

У Беларусі афіцыйна ліквідавалі выдавецтва «Кнігазбор»

Пра гэта паведаміў дырэктар выдавецтва.

Менгарвыканкам 26 кастрычніка прыняў пастанову выключыць выдавецтва “Кнігазбор” з Адзінага дзяржаўнага рэгістра. Пра гэта паведаміў у «Фэйсбуку» дырэктар выдавецтва Генадзь Вінярскі.

"Усё, і юрыдычна выдавецтва "Кнігазбор" няма", - канстатаваў ён.

Ціск на выдавецтва пачаўся ў 2021 годзе, калі супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў КДК прыйшлі ў офіс “Кнігазбора” і дадому да Вінярскага, забралі лічбавую тэхніку і паўтысячы асобнікаў рамана Віктара Марціновіча “Рэвалюцыя”.

Паводле “справы кнігавыдаўцоў” тады праходзілі некалькі выдавецтваў, якія нібыта падазраваліся ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у буйных памерах. Потым крымінальную справу спынілі.

У кастрычніку 2022 года сетка дзяржаўных кнігарняў “Белкніга” разарвала дамовы з “Кнігазборам” і іншымі выдавецтвамі, якія друкуюць кнігі на беларускай мове.

У снежні 2022 г. Міністэрства інфармацыі прыпыніла дзейнасць выдавецтва, а ў студзені 2023 г. пачаўся працэс ліквідацыі.

Шэраг кніг “Кнігазбора”, у тым ліку твораў класікаў, улады абвясцілі “экстрэмісцкімі”.

Апошнія навіны