BE RU EN

Як захаваць чысціню ў доме: геніяльны метад

Генеральнае прыбіранне раз на месяц — гэта шлях у нікуды.

Рабіць раз на месяц генеральнае прыбіранне — гэта шлях вельмі хутка знясілець, зненавідзець парадкаванне і пачаць адклад гэтага тыпу работ. Таму эксперты ў клінінгу раяць адмовіцца ад гэтай ідэі і размяркоўваць работы так, каб з пэўнай перыядычнасцю выконваць нешта нескладанае і такім чынам лёгка падтрымліваць парадак дома.

OBOZ.UA пацікавіўся, якой мае быць перыядычнасць прыбірання і ў якім рэжыме трэба надаваць увагу розным часткам дома. Выйшаў спіс розных задач, падзелены паводле чашчыні.

Штодзень

Догляд падлогі ў кухні і ванным пакоі

Падмятайце кухню штодзень, каб пазбавіцца ад дробак, і працірайце яе вільготнай анучай — гэта прыбярэ плямы тлушчу або розных вадкасцяў. У ванным пакоі пасля кожнага выкарыстання збірайце з падлогі разлітую ваду. Гэта прадухіляе ўтварэнне цвілі.

Праціранне стальніц

У сітаватых стальніцах з натуральнага каменя могуць расці цвіль, грыбкі і бактэрыі. Каб прадухіліць праблему, трымайце ўсе свае паверхні ў сухасці і чысціні. Раз на дзень скарыстайцеся мыльнай вадой або бяспечным мыйным сродкам, а затым пратрыце стальніцу насуха.

Раз на некалькі дзён

Ачышчэнне ракавін і мыйняў

Рэгулярнае прафілактычнае абслугоўванне — найлепшы спосаб падтрымліваць чысціню не толькі самой санітарнай тэхнікі, але і сцёкаў у ванным пакоі і кухоннай ракавіне. Здыміце сетку са зліву, ачысціце яе ад смецця і заліце ў трубу некалькі літраў гарачай вады. Гэтага будзе дастаткова.

Прыбіранне раскіданых рэчаў

Наводзіць чысціню складана, калі на паверхнях і падлозе раскіданыя шмат розных рэчаў. Таму раз на некалькі дзён праводзьце рэйд па пакоях і расстаўляйце раскіданыя рэчы па сваіх месцах. Вешайце адзенне ў шафу, збірайце посуд у мыйню, адносьце кнігі на паліцы, складайце цацкі ў скрыню і г.д. Гэта не зойме шмат часу, калі рабіць такую прыбіранне рэгулярна.

Штотыдзень

Догляд дыванаў і падлогі

Як часта трэба чысціць дыван? Калі вы разбуваецеся, прыходзячы знадворку, не курыце дома і не трымаеце кудлатых жывёлін, прыбіраць пыл досыць толькі раз натыдзень. У адваротным выпадку чашчыню ўсё ж лепш павялічыць. Прайдзіцеся пыласмокам па ўсіх паверхнях, старанна апрацуйце дыван, а затым пратрыце падлогу швабрай.

Ачышчэнне душавых, ванных пакояў і прыбіральняў

У ванным пакоі часта застойваецца вільгаць, што прыводзіць да ўтварэння цвілі на кафлі і фіранках для душа. Дбайнае прыбіранне з адпаведнымі хімічнымі сродкамі раз на тыдзень дазволіць унікнуць гэтай праблемы. А яшчэ з'яўленні непрыемных пахаў ад сантэхнікі.

Пранне пасцельнай бялізны

Хоць фактычная частата мыцця пасцельных рэчаў залежыць ад шматлікіх умоў, такіх як пара года, тое, у якім адзенні вы спіце, і ці дзеляць з вамі ложак свойскія жывёліны, усё ж аптымальным варыянтам спецыялісты называюць замену і пранне пасцелі раз на тыдзень.

Штомесяц

Выціранне пылу

Калі ў Вас дома пыл не назапашваецца паскоранымі тэмпамі, яго можна прыбіраць раз на месяц для даступных месцаў і кожныя тры-шэсць месяцаў для складаных паверхняў, як высокія паліцы, дзвярныя скрыні і г.д. Абавязкова выкарыстоўвайце вільготную анучу, бо простае праціранне паверхні насуха прывядзе да пераразмеркавання пылу ва ўсім доме. Таксама выцірайце пыл зверху ўніз.

Ачышчэнне мікрахвалёвак і мыйняў посуду

Каб часта выкарыстоўваныя кухонныя прылады, як мікрахвалевыя печкі і мыйні посуду, служылі доўга, іх трэба чысціць раз на месяц. Пратрыце камеру печкі і ўвамкніце яе на доўгую праграму, паставіўшы ўнутр кубак белага воцату і кубак харчовай соды — гэта выдаліць тлушч і пахі. Ачысціце фільтр і прамыйце мыйню. Уывмкніце яе на пусты цыкл са спецыяльным сродкам, каб пазбавіцца ад шумавіння ўнутры.

Некалькі разоў на год

Прыбіранне ў каморах і шафах

Раз на некалькі месяцаў рабіце рэвізію сваіх запасаў. Пазбаўляйцеся ад пратэрмінаваных прадуктаў харчавання, бытавой хіміі і касметыкі, ахвяруйце непатрэбнае адзенне, аддавайце лішнія рэчы. Прыбіранне шаф і камор гарантуе, што непажаданыя шкоднікі не пашкодзяць адзенне, не сапсуюць прадукты і не прычыняць іншых невыгод.

Чышчэнне духовак і пральных машын

Набудзьце спецыяльны сродак для мыцця і скарыстайцеся ім паводле інструкцыі. Прысвяціце час таму, каб сабраць увесь прыгарэлы тлушч усярэдзіне духавой шафы. Гэта дазволіць падоўжыць тэрмін службы гэтай карыснай тэхнікі.

Штогод

Мыццё асвятляльных прылад

Штогод вымяркоўвайце дзень, каб памыць усе асвятляльныя прылады ў доме — ачысціць плафоны і працерці лямпачкі. Гучыць, магчыма, занадта педантычна, але вы будзеце здзіўленыя тым, колькі святла крадзе пыл на гэтых прыладах.

Прыбіранне пылу з фіранак і абіўкі

Мыццё фіранак і глыбокае чышчэнне абіўкі дазваляюць не толькі пазбавіцца ад пылу і захраслых у зморшчынах часцінак. Тэкстыль таксама з часам убірае пахі, таму карысна падтрымліваць яго свежасць з дапамогай штогадовага генеральнага прыбірання.

Апошнія навіны