Памёр архітэктар, які пабудаваў «саркафаг» для Лукашэнкі
- 29.10.2023, 13:50
Ён таксама спраектаваў шэраг станцый менскага метрапалітэна.
На 91-м годзе пайшоў з жыцця вядомы архітэктар Міхаіл Пірагоў, аўтар Палаца Рэспублікі і шэрагу станцый менскага метрапалітэна. Ён памёр 18 кастрычніка, паведамляе Беларускі саюз архітэктараў.
Міхаіл Пірагоў нарадзіўся 25 студзеня 1933 года ў горадзе Арцёмаўску Краснаярскага краю. Спачатку вучыўся, а затым працаваў у Новасібірску. У 1975 годзе быў запрошаны ў Менск, дзе працаваў да пачатку 2001 года ў "Белдзяржпраекце".
Быў кіраўніком аўтарскага калектыву, які спраектаваў Палац Рэспублікі (які часта называюць «саркафагам» праз недарэчную архітэктурную формы ў цэнтры Менска — рэдакцыя).
Таксама Пірагоў з'яўляецца аўтарам тэатра драмы і камедыі ў Бабруйску, станцый менскага метрапалітэна "Акадэмія навук" і "Плошча Якуба Коласа", а таксама прафілакторыя ў Валожынскім раёне.