Замах на Царова: у Расеі апублікавалі новыя звесткі
- 29.10.2023, 13:37
Здрадніка Украіны мерацца перавезці.
Калабарант Алег Цароў пасля нападу ў часова акупаваным Расеяй Крыме 27 кастрычніка ўсё яшчэ знаходзіцца ў рэанімацыі, яго ўзмоцнена ахоўваюць, паведамляюць расейскія мэдыі са спасылкай на ягонага паплечніка Аляксандра Чаленку .
«Калі дазволіць стан, [Царова] перавязуць у Маскву. Знаходзіцца пад узмоцненай аховай ФСБ», — расказаў ён.
Як вядома, паводле факту нападу на Царова ФСБ РФ распачала крымінальную справу паводле арт.277 КК (замах на жыццё дзяржаўнага або грамадскага дзеяча).
Замах на Царова — што вядома
Нагадаем, раніцай 27 кастрычніка расейскія Telegram-каналы паведамілі, што ў Крыме напалі на Царова. У яго некалькі разоў стрэлілі ў санаторыі, дзе ён жыў.
Інфармаваныя крыніцы УНІАН паведамілі, што замах на здрадніка Алега Царова — гэта спецаперацыя Службы бяспекі Украіны. Пасля нападу калабарант знаходзіцца ў крытычным стане.
«Ён даўно быў у спісе здраднікаў, якія мусяць адказаць за свае злачынствы. Цароў — абсалютна законная цэль. Гэта не проста фанатык «расейскага свету», а чалавек, які асабіста прыехаў разам з расейскімі танкамі захопліваць Кіеў», — заявіла крыніца.