BE RU EN

Эксперт: Кітай вынес папярэджанне Лукашэнку

Дыктатар атрымаў «благі знак» з Пекіна.

Былы дыпламат Павел Мацукевіч аналізуе стан беларуска-кітайскіх стасункаў як фрагмента глабальнага праекта "Адзін пояс, адзін шлях".

- Няўдзел Лукашэнкі ў нядаўнім аднайменным міжнародным форуме высокага ўзроўню ў Пекіне пасеяў падазрэнні, што "жалезнае братэрства" паміж Беларуссю і Кітаем пачало ржавець, піша Павел Мацукевіч у свежым выданні "Пульса Леніна-19".

У гэтым сэнсе няўдзел Лукашэнкі ў 3-м міжнародным форуме ў Пекіне, прымеркаваным да юбілею ініцыятывы "Адзін пояс, адзін шлях", выклікае вялікія пытанні.

Кітайскае папярэджанне або проста прагул?

Пра тое, што Беларусь плануе ўдзел у форуме "Адзін пояс, адзін шлях" гаварылася ў пасланні Лукашэнкі Сі Цзіньпіну, датаваным яшчэ 15 чэрвеня. Пазней ужо ў канцы верасня ўдзел Беларусі ў імпрэзе ў Пекіне пацвярджаў кіраўнік МЗС Сяргей Алейнік. У абодвух выпадках узровень беларускага прадстаўніцтва не ўдакладняўся, але ўдзел менавіта Лукашэнкі выглядаў цалкам натуральным і лагічным.

Версію аб адсутнасці запрашэння можна адпрэчыць адразу, інакш на форум ад Беларусі не паехаў бы ўвогуле ніхто. Між тым беларускую дэлегацыю ўзначальваў старшыня Дзяржаўнага кантролю, да яе ж можна залічыць і выступоўцу на акцыі кіраўніка ЕЭК Міхаіла Мяснікова, які паддзімаў у «беларускую дудку».

Форум, калі б не было запрашэння, наўрад асвятляўся б у афіцыйных беларускіх мэдыях, а ён асвятляўся, і там нават працаваў карэспандэнт «БТ».

Беларусь далёка не адзіная краіна нават на прасторы СНД, якая была прадстаўленая на форуме не на вышэйшым узроўні. Іншая рэч, што Менск удаў, што так было задумана, а калегі з іншых краін усё ж такі прыйшлі да тлумачэнняў. Як, напрыклад, Кіргізстан, які ў Пекіне прадстаўляў не прэзідэнт, а міністр энэргетыкі і старшыня дзяржаўнай мытнай службы.

Кіргізы спаслаліся на занятасць над іншымі міжнароднымі сустрэчамі. У Лукашэнкі яны таксама былі — у дні форуму ў Пекіне (17-19 кастрычніка) ён прымаў з візітам віцэ-прэзідэнта Ірана, праводзіў сустрэчы з кіраўнікамі МЗС Вэнэсуэлы і Экватарыяльнай Гвінэі, а таксама кіраўніком Мардовіі. Усё гэта можна было пасунуць у датах або замкнуць на прэм'ер-міністру, але гэтага рабіць не сталі.

Версію аб няўдзеле ў форуме праз таксічнасць рэжыму можна таксама ўважаць за неабгунтаваную. Яна магла быць у выпадку з зімовай Алімпіядай у Пекіне, куды Лукашэнка не паехаў дзеля санкцый з боку МАК, але не выстаўляў прэтэнзій Кітаю, каб, як сам ён выказаўся, "не прычыняць невыгоды сябрам". Цяпер сітуацыя іншая.

Па-першае, размова ідзе аб уласнай імпрэзе Кітая, дзе менавіта ён паўнацэнны гаспадар сваім запрашэнням. Па-другое, таксічнасць Пуціна як мінімум не меншая, чым Лукашэнкі, хаця і мае іншую прыроду.

Запрашаючы гаспадара Крамля, Кітай, напэўна, усведамляў, што тым самым уласнай рукой выкрэслівае са спісу нейкую частку патэнцыйных удзельнікаў з заходняга боку, якія яшчэ маглі сумнявацца, ехаць або не ехаць.

Пекін на гэта пайшоў і зрабіў Пуціна галоўным госцем форума. Гэта падкрэслівае значнасць для Кітая стасункаў з Расеяй і дэманструе, што дзяржавы на гэтым этапе прадстаўляюць адзіны полюс. Рэжымная Беларусь да яго далучаецца, не маючы іншых альтэрнатыў. На фоне ўдзелу Пуціна запрашэнне Лукашэнкі выглядае зусім бяскрыўдным.

Прычыны няўдзелу Лукашэнкі могуць быць рознымі. І празаічнымі — дапусцім, стан здароўя ў тыя дні не дазволіў працяглы пералёт, і палітычнымі — адсутнасць згоды Сі Цзіньпіна на двустароннюю сустрэчу праз шчыльнасць раскладу на форуме або адсутнасці тэм для абмеркавання. Усё ж сёлета быў дзяржаўны візыт Лукашэнкі ў Кітай, які мог вычарпаць тэмы для размовы на найвышэйшым узроўні.

Хаця ў выпадку расейска-кітайскіх стасункаў візіт Сі Цзіньпіна ў Расею, які таксама адбыўся сёлета, не вычарпаў усіх тэм, але іх у іх у прынцыпе значна больш, чым у Кітая з Беларуссю.

Той факт, што Кітай на міжнароднай канферэнцыі аб еўразійскай бяспецы ў Менску прадстаўляў толькі часовы павераны ў справах, таксама можа счытвацца як благі знак.

Апошнія навіны