BE RU EN

У Гародні дырэктар забіраў сабе заробак у работнікаў

На рукі заробак ніхто не атрымліваў.

Мужчына працаваў на прадпрыемстве, якое рамантавала парасоны і торбы ў Гародні. Яго няпланава надумаў праверыць Камітэт дзяржкантролю. Высветлілася, што некалькі супрацоўнікаў з інваліднасцю толькі распісваліся за грошы, але на рукі іх не атрымалі.

На прадпрыемстве працавалі таксама і людзі з інваліднасцю, якія прыходзілі праз цэнтр занятасці паводле праграмы "Адаптацыя". Праграма прадугледжвае, што заробак такім работнікам будзе кампенсаваць дзяржава. І для гэтага дырэктару трэба было падаць дакументы ва ўправу працы Гарадзенскага гарвыканкама. А ўжо потым бюджэт пералічваў выдаткаваныя сумы на рахунак прадпрыемства.

- Мужчына прызнаў, што заробак выдаваў гатоўкай і не ў поўным аб'ёме, але гэта, паводле яго слоў, было звязана з тым, што на прадпрыемстве меліся вялікія запазычанасці ў выплаце падаткаў і іншых плацяжоў. Гэта значыць бюджэтныя грошы ён "ніяк не прысвойваў, а накіроўваў на выплату пазык". Таму і быў не згодны з пазовам, - гаворыцца ў паведамленні УУС Гарадзенскага аблвыканкама. - Як стала вядома ад яго падначаленых, запазычанасць у аплатах у бюджэт з прыходам новага дырэктара сапраўды ўтварылася. Не выплачваўся заробак, з'явіліся шматлікія факты парушэнняў вядзення бухгалтарскага ўліку, касавай дысцыпліны, справаводства. Да гэтага ўсё было законна. Новы кіраўнік прымаў эканамічна неабгрунтаваныя пастановы. Ні з кім не раіўся і не ўзгадняў, што і прывяло да ўтварэння пазык у прадпрыемства.

Праверка высветліла, што са студзеня 2020 да сакавіка 2022 года мужчына не выплачваў заробкі некалькім работнікам з інваліднасцю. Яны распісваліся ў атрыманні заробку, але грошай не атрымлівалі.

- Агулам кіраўнік завалодаў бюджэтнымі сродкамі на суму 1 944,94 рубля. Як паказалі сведкі, грашовыя сродкі, пералічаныя з бюджэту па праграме “Адаптацыя”, мужчына здымаў з разліковага рахунку і выдаткоўваў на ўласныя патрэбы, - адзначаюць сілавікі.

Падчас суда высветлілася, што сам дырэктар таксама мае інваліднасць першай групы, а таксама ён даглядае ляжачага сваяка, таксама інваліда першай групы.

Суд Ленінскага раёна Гародні прызнаў мужчыну вінаватым паводле ч. 1 і ч. 2. арт. 210 КК (Крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі).

У выніку суддзя прысудзіў яго да 2,5 гадоў абмежавання волі без накіравання ў калонію (хатняя хімія) і штрафу на 80 базавых адзінак, а таксама на 4 гады пазбавіў магчымасці займаць кіроўныя пасады. Аднак судовая калегія ў крымінальных справах гарадзенскага абласнога суда прысуд змяніла - прызначыла два гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай пакарання на 2 гады.

Апошнія навіны