Эксперт: Відавочнага пераемніка Пуціна няма, пасля смерці будзе канфрантацыя
- 27.10.2023, 19:05
РФ чакае грызня за ўладу
Цяпер у Расеі няма відавочнага кандыдата на замену расейскага дыктатара Пуціна пасля яго смерці. Таму будзе ўнутраная канфрантацыя.
Аб гэтым a target="_blank" href=https://www.rbc.ua/ukr/news/ochevidnogo-nastupnika-putina-nemae-pislya-1698419060.html>РБК-Украіна заявіў украінскі вайскова-палітычны аглядальнік групы «Інфармацыйны супраціў» Аляксандр Каваленка.
Эксперт падкрэсліў, што пакуль не бачыць нейкага відавочнага пераемніка Пуціна.
- Пуцін спецыяльна прыцягнуў да сябе шмат невыразных, другарадных і шэрых асоб, каб яны на яго фоне выглядалі яшчэ больш нікчэмнымі. Узяць таго ж Шайгу. Калісьці яго называлі «нумарам 2», але ён жа ніякі і не можа звязаць дзве фразы ў нешта выразнае, - адзначыў Каваленка.
На яго думку, сакратар Савета бяспекі Мікалай Патрушаў і кіраўнік Федэральнай службы бяспекі Аляксандр Бортнікаў, якіх таксама ўважаюць за магчымых пераемнікаў, перагрызуцца за ўладу.
Таму, як дадаў Каваленка, пасля смерці Пуціна ў кожным выпадку будзе перыяд унутранай канфрантацыі. Але ён наўрад ці адразу паўплывае на фронт, таму не трэба спадзявацца на хуткае заканчэнне вайны, мяркуе эксперт.
Нагадаем, учора, 26 кастрычніка, у расейскіх Telegram-каналах з'явілася інфармацыя аб тым, што дыктатар Уладзімір Пуцін нібыта памёр.
У Галоўнай управе выведкі Мінабароны Украіны ўжо адрэагавалі на такую інфармацыю. Там заклікалі да стрыманай рэакцыі.