BE RU EN

У Менску мужчыну і жанчыну асудзілі на два гады «хатняй хіміі» за ўдзел у менскай акцыі пратэсту

Прысуд вынесла суддзя Анастасія Ачалава.

У судзе Ленінскага раёна Менска 9 кастрычніка асудзілі Наталлю Літвіненку і Васіля Крэза паводле ч.1 арт.342 («арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх») Крымінальнага кодэкса. Суддзя Анастасія Ачалава прызначыла Наталлі і Васілю па два гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняй хіміі»).

Наталлю і Васіля абвінавацілі ва ўдзеле ў акцыі пратэсту ў Менску ў 2020 годзе, выхадзе на праезную частку і перакрыцці руху грамадскага транспарту. Беларусаў апазналі на відэазапісе, адзначаюць праваабаронцы.

Да суда абодва знаходзіліся пад закладам па 7400 рублёў.

46-гадовы Васіль Крэз - ураджэнец Магілёва. Скончыў Менскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт, факультэт гішпанскай мовы. На пачатку нулявых пару год працаваў выкладчыкам у Беларуска-расейскім універсітэце ў Магілёве. У апошні час перакладаў з гішпанскай, партугальскай і ангельскай моваў як індывідуальны прадпрымальнік.

Наталля Літвіненка мае вышэйшую адукацыю, працавала галоўнай бухгалтаркай у таварыстве з абмежаванай адказнасцю.

Апошнія навіны