ЦАХАЛ паказаў, дзе схаваны і як выглядае галоўны штаб ХАМАС
- 27.10.2023, 18:43
Тэрарысты выкарыстоўваюць найбуйнейшую лякарню ў Газе ў якасці жывога шчыта.
На брыфінгу для журналістаў міжнародных СМІ афіцыйны прадстаўнік ЦАХАЛа контр-адмірал Даніэль Хагары паведаміў, што асноўная база тэрарыстычнай групоўкі ХАМАС знаходзіцца пад лякарняй Шыфа ў горадзе Газа.
Хагары сказаў, што ў ХАМАСа ёсць некалькі падземных комплексаў пад Шыфай - найбуйнейшай лякарняй у сектары Газа - якія выкарыстоўваюцца лідарамі тэрарыстычнай групоўкі для наўпроставых нападаў на Ізраіль.
Ён сказаў, што ў Ізраіля ёсць звесткі аб тым, што існуе некалькі тунэляў, якія вядуць да падземнай базы звонку лякарні, таму чыноўнікам ХАМАС не трэба ўваходзіць у лякарню, каб дабрацца да базы. Але Хагары дадаў, што ўваход у падземны комплекс ёсць і знутры адной з палат.
Акрамя таго, паводле звестак ЦАХАЛа, служба ўнутранай бяспекі ХАМАСа мае камандны цэнтр у лякарні Шыфа, з якога яна вядзе ракетны агонь па Ізраілі і захоўвае зброю.
Ён сказаў, што энэргетычная інфраструктура лякарні таксама выкарыстоўваецца падземнай базай ХАМАС.
Хагары абвінаваціў ХАМАС у выкарыстанні лякарні на 1500 ложкаў і амаль 4000 супрацоўнікаў у якасці жывога шчыта.
З яго слоў, інфармацыя аб выкарыстанні лякарні ХАМАС заснаваная на шырокім спектры выведвальных крыніц, сабраных Управай вайсковай выведкі і агенцтвам бяспекі ШАБАК. Ён сказаў, што інфармацыя ўжо была перададзеная хаўруснікам.