Паводле сцэнару СССР: што рыхтуе ФСБ на фоне чутак пра смерць Пуціна
- 27.10.2023, 10:21
Генерал СБУ раскрыў планы ўмоўнага кааператыва "Возера".
На сайце «Главред» на фоне чутак аб смерці кіраўніка РФ Уладзіміра Пуціна адбыўся чат з генерал-маёрам запасу, былым намеснікам старшыні СБУ, экспэртам у пытаннях нацыянальнай бяспекі Віктарам Ягуном.
Экспэрт расказаў, ці рыхтуе ФСБ замену Пуціну і каго могуць паспрабаваць паставіць замест яго.
“Цяжка сказаць, бо гучыць вельмі шмат прозвішчаў. Але пакуль не бачна нікога, хто быў бы сапраўды гатовы замяніць Пуціна на гэтай пасадзе. Тамака шмат версій, шмат канспіралогіі. Думаю, што можа адбыцца так, як у свой час у Савецкім Саюзе: калі Сталін адкінуў капыты, замест яго прыйшла тройка - Малянкоў, Булганін і Хрушчоў, якія паспрабавалі пакіраваць пэўны час”, - растлумачыў Ягун.
Ён таксама нагадаў, што ў Савецкім Саюзе скончылася ўсё тым, што адных ліквідавалі, іншых расстралялі, трэціх знішчылі маральна, чацвёртых саслалі - Хрушчоў стаў аднаасобным лідарам.
“У Расеі ёсць такая традыцыя: у выпадку знікнення першай асобы, з'яўляецца нейкае ЦК, якое бярэ на сябе адказнасць. Думаю, што ўмоўны кааператыў “Возера” гэтым і зоймецца”, - дадаў экспэрт.