Пуцін чапляецца за астатнюю надзею
- МАКСІМ РАЗУМНЫ
- 21.10.2023, 18:30
Расея засталася на ўзбочыне кітайскага «шляху».
Паразмаўлялі. Афіцыйныя паведамленні аб выніках сустрэчы Пуціна і Сі Цзіньпіна скупыя і банальныя. Пуцін заявіў, што стасункі дзвюх дзяржаў дасягнулі нябачанага раней узроўню і выказаў спадзяванне, што яны будуць развівацца і надалей, асабліва падкрэсліўшы сферу энэргетыкі. Гэта азначае, што Расея чапляецца за астатнюю надзею стаць сыравінным дадаткам да кітайскай эканомікі. Але і ў гэтай сфэры расейцам давядзецца пазмагацца за ўвагу «старэйшага брата». Бо Кітай мае значна лепшыя прапановы, чым ненадзейная "Моц Сібіру". Бо побач ёсць вялізныя газавыя радовішчы Туркменістана і Ірана. Дарэчы, менавіта гэтыя дзве краіны ўвайшлі ў сухаземны транспартны калідор, які наважыў будаваць Кітай у Еўропу. Разам з Турцыяй, дарэчы.
Таму калі ўжо гаварыць пра фармальную нагоду для сустрэчы — трэці форум міжнароднага супрацоўніцтва "Адзін пояс — адзін шлях", то Расея, відавочна, засталася на ўзбочыне гэтага шляху. Вядома, які можа быць «калідор» у Еўропу праз Расею?
Зрэшты, для Пуціна гэта сёння не галоўнае. Яму трэба неяк захаваць аблічча. Для гэтага трэба дамагчыся хоць якога-небудзь прымальнага выніку ў вайне з Украінай. Таму сёння крытычна важныя пастаўкі кітайскіх дронаў ды іншай прадукцыі вайсковага прызначэння з Кітая. Такім чынам, трэба даводзіць сваю лаяльнасць, тлумачачы кітайскаму брату свае дзеянні, якія апошнім часам не могуць не расчароўваць Сі. Авансам кітайскі лідэр пахваліў Расею за "абраны шлях нацыянальнага адраджэння" і "абарону дзяржаўнага суверэнітэту". Гэта значыць, што Масква не павінна ні ў якім разе ўцякаць дамаўляцца з Захадам раней, чым гэта зробіць сам Пекін. Мусіць, Пуцін прыязджаў, каб гэта цвёрда паабяцаць.
Другая мэта выправы Пуціна — выйсці нарэшце з міжнароднай ізаляцыі. Пасля таго, як расейскі прэзідэнт фактычна адмовіўся прымаць на саміце BRICS Паўднёвую Афрыку, магчымасць пабываць яму з афіцыйным візітам у "далёкім замежжы" абвяшчаецца расейскай дыпламатыяй як вялікі поспех.
Максім Разумны, «Фейсбук»