BE RU EN

З'явілася першае фота дзвюх вызваленых закладніц ХАМАС

Стала вядома, як амэрыканка і ейная дачка патрапілі ў палон і выйшлі на волю.

ХАМАС вызваліў Джудыт Раанан і ейную 17-гадовую дачку Наталі — амэрыканак, захопленых 7 кастрычніка пры нападзе на кібуц Нахаль-Оз, піша ВВС.

Джудыт і Наталі прыляцелі ў Ізраіль са Злучаных Штатаў, каб адсвяткаваць 85-годдзе Тамар Раанан, маці Джудыт, а таксама заканчэнне Наталі сярэдняй школы.

Маці з дачкой планавалі паляцець дадому ў ЗША раней, але памянялі рэйс, каб застацца ў Ізраілі даўжэй.

Пасярэднікамі ў іхнія вызваленні выступілі Катар і Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа.

Тамар Раанан і ейны партнёр Ехіэль выжылі, схаваўшыся ў сваім бяспечным пакоі дома ў Нахаль-Оз, дзе былі выратаваныя жаўнерамі ЦАХАЛ.

Яшчэ восем іхніх сямейнікаў у кібуце Бээры лічацца зніклымі, забітыя двое іхніх сямейнікаў і сацыяльны працаўнік, які даглядаў аднаго з іх. Пяцёра, як мяркуецца, знаходзяцца ў закладніках.

Пасля двух цяжкіх тыдняў, поўных жаху і няпэўнасці, вызваленне Джудыт і Наталі Раанан стала момантам палёгкі і радасці.

На фатаграфіі, апублікаванай пасля таго, як жанчыны апынуліся ў бяспечным месцы, яны выглядаюць вельмі змардаванымі.

Як іх выпала вызваліць? Улады Катара заявілі, што гэта адбылося пасля "мноства дзён бесперапыннай камунікацыі".

Міністэрства замежных спраў заявіла, што спадзяецца, што дыялог прывядзе да вызвалення і іншых закладнікаў.

Джозэф Байдэн, які не хаваў радасці, падзякаваў Катару і Ізраілю за "іхняе партнёрства ў гэтай дзейнасці".

Марк Рэгеў, старшы дарадца прэм'ер-міністра Ізраілю Біньяміна Нэтаньягу, прызнаў, што дыпламатыя адыграла сваю ролю, але дадаў, што да вызвалення закладнікаў таксама прычынілася вайсковая моц Ізраіля.

Цяпер ёсць надзея, што неўзабаве будуць вызваленыя і іншыя закладнікі, асабліва паджылыя людзі і дзеці.

У закладніках у ХАМАС застаецца яшчэ 201 чалавек, лёс гэтых людзей невядомы.

Апошнія навіны