BE RU EN

Лукашэнка вызваліў ад пасад амбасадараў Беларусі ва Украіне і Эстоніі

Пасол Беларусі ва Украіне пасля нападу РФ баязліва ўцёк з краіны.

Аляксандр Лукашэнка вызваліў Ігара Сокала ад пасады Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Беларусі ва Украіне і Вячаслава Качанава ад пасады Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Беларусі ў Эстоніі.

Аб гэтым паведаміла БелТА са спасылкай на прэс-службу дыктатара.

Адпаведныя ўказы Лукашэнка падпісаў 19 кастрычніка.

Ігар Сокал узначальваў дыппрадстаўніцтва Беларусі ва Украіне з 13 чэрвеня 2016 года. 24 лютага 2022 года, калі Расея напала ва Украіну, Беларусь не арганізоўвала эвакуацыю сваіх грамадзян. Тады ў амбасадзе рэкамендавалі выязджаць «уласнымі сродкамі» ці «заставацца ў месцах часовай дыслакацыі, каб пазбегнуць казусаў». За дзесяць дзён да пачатку вайны на пытанні, ці трэба рыхтавацца да эвакуацыі і ці змогуць супрацоўнікі дыпмісіі дапамагчы ў выпадку баявых дзеянняў, консул іранізаваў і смяяўся: «Навошта? Да беларускай мяжы дзве гадзіны на аўтамабілі, на аўтобусе [з Кіева]. Як эвакуяваць, самалётам? Мяжа прадугледжаная нават для пешага пераходу. Ваш пакорны слуга ўласна пешшу мяжу пераходзіў, калі транспарту не было. А ў вас - эвакуацыя. Касмічны карабель замовіць трэба? Ну вы даяце. Таксоўка ёсць - сядайце на таксоўку і едзьце дадому, калі хочаце. Калі не хочаце - заставайцеся».

Ігар Сокал і іншыя беларускія дыпламаты пакінулі Украіну летась у сакавіку. На памежным пераходзе Магілёў-Падольскі ўкраінскі памежнік паспрабаваў уручыць беларускаму амбасадару «30 срэбранікаў» для тагачаснага старшыні Дзяржпамежкамітэта Беларусі Анатоля Лапо.

Апошнія навіны