BE RU EN

У Берасці будуюць цэнтр патрыятычнага выхавання

Грошы на яго збіраюць нават з лекараў.

На месцы старых казармаў Берасцейскай цытадэлі надумалі будаваць цэнтр патрыятычнага выхавання, але без асаблівых выдаткаў. Ідэю прасоўвае БРСМ і штаб патрыятычных сіл, а будаўніцтва ідзе пры падтрымцы Берасцейскага аблвыканкама. Прывабліваюць ахвотных бясплатна працаваць на суботніках і ахвяраваць грошы. Аднак грошы таксама збіраюць у добраахвотна-прымусовым парадку, піша «Зеркало».

Аб зборах з медыкаў на мінулым тыдні пісаў тэлеграм-канал «Белыя Халаты. News». Паводле іх інфармацыі, сума «ахвяраванняў» адрозніваецца ў залежнасці ад кваліфікацыі: 3 рублі з малодшага персаналу, 5 рублёў - з сярэдняга і 10 рублёў - для лекараў. Прычым афармляюцца ўнёскі так: медыкі пішуць заявы і нібыта самі просяць, каб з іх вылічылі пэўную суму.

Пра такія зборы расказвае і чытач «Люстэрка», які працуе ў Берасцейскай абласной клінічнай лякарні.

- Грошы сапраўды збіраюць, але не так актыўна, як, напрыклад, на патрэбы Чырвонага Крыжа або дапамогу бежанцам, - апісвае ён сітуацыю. - Як звязаныя лекары і гэты цэнтр, нам не тлумачаць. Гэта з катэгорыі «абавязковых» выплат з разраду падпісак на газеты, патрэбы выратавання на водах і гэтак далей. Адміністрацыя на пяціхвілінцы даводзіць заданне загадчыкам і старэйшым сёстрам. Ствараецца ведамасць - і ты «добраахвотна» плаціш. Часам вылічваюць з заробку. Ёсць людзі, якія не плацяць прынцыпова, але такіх няшмат.

Пры гэтым, удакладняе суразмоўца, на будаўніцтва цэнтра збіраюць не ва ўсіх лякарнях. Гэта пацвярджае яшчэ адна чытачка, якая працуе ў дзіцячай абласной лякарні Берасця. З яе слоў, ні яна, ні калегі аб такіх зборах не чулі.

Чаму супрацоўнікаў лякарні прымушаюць ахвяраваць грошы на будаўніцтва патрыятычнага цэнтру? З гэтым пытаннем журналістка «Зеркала» патэлефанавала ў гарадское аддзяленне БРСМ Берасця як жонка аднаго з медыкаў.

- У мяне муж працуе ў шпіталі, і вось у іх збіралі грошы на гэты патрыятычны цэнтр. І я хацела даведацца, а чаму ўвогуле быў такі збор? То бок, як медыкі наогул звязаныя з вось гэтым праектам?

- Гэта рэспубліканскі праект, і наогул ён з'яўляецца дабрачынным. Цяпер у нас ідзе будаўніцтва гэтага патрыятычнага цэнтра, і ўкладаючыся ў яго, мы ўкладваемся ў будучыню, у развіццё краіны і моладзевай палітыкі. То бок, такая гісторыя.

- Але гэта ж маглі прапанаваць здаваць тым, хто хоча. А тут наўпрост сказалі: абавязкова. І нават суму назвалі, хто колькі мусіць заплаціць. Вы кажаце, што ўсё добраахвотна, тады чаму так збіраюць?

- У нас гэта ўсё дабрачынна. Гэта ўжо на ўзроўні вашай арганізацыі, вашай установы аховы здароўя. Гэта значыць, пытанне да кіраўніцтва.

- Я думала, гэта вы зверху спусцілі.

- Не, гэта не мы. У нас проста гэтая ініцыятыва ідзе ад БРСМ, ад выканаўчых камітэтаў. Такая акцыя ідзе па ўсёй рэспубліцы. Але мы не ставім ніякую пэўную суму [колькі здаваць]. Кожны чалавек колькі можа, столькі і ўкладае. Гэта ўсё па жаданні, гэта ўсё дабрачыннасць.

Апошнія навіны