У Пружанах малаказавод выпусціў беларускамоўны кліп пра сыры і малако пад запальны хіт з 90-х
- 19.10.2023, 18:12
За дзень ролік сабраў у TikTok амаль 200 тысяч праглядаў.
Гарачы кліп пад музыку хіта 90-х Macarena запісаў Пружанскі малочны камбінат. За дзень ролік сабраў у TikTok амаль 200 тысяч праглядаў, паведамляе «Зеркало».
У відэа зняліся працаўнікі прадпрыемства. На беларускай мове пад знаёмую многім беларусам за трыццаць музыку яны расказалі пра свой напружаны графік, перавагі беларускай малочнай прадукцыі, экспартныя поспехі.
@_prjmilk_ ♬ оригинальный звук - Пружанский молочный комбинат
«Каб смачна было і здаровае было цела, усмешка на твары тваім зіхацела. Трэба малочку ўжываць, усё як трэба, шчодрыя Пружаны», — спяваецца ў прыпеве.
Карыстальнікі TikTok творчасць завадчан ацанілі. Адны хвалілі малаказавод за якасную прадукцыю, іншыя - за беларускую мову ў кліпе, трэція - лаялі канкурэнтаў.
У каментарах адзін карыстач усумніўся ў тым, што менавіта працаўнікі прадпрыемства здымаліся ў кліпе:
«Не трэба ля-ля. І ўважаць людзей за сяго-таго».
Аднак каментатара адразу ж паставілі на месца:
«Мне шчыра вас шкада. Не давялося вам убачыць сапраўдныя дружныя спяваючыя калектывы. У нас на РМЗ і клуб ёсць, і канцэрты і для дзетак паказу!»
«Люблю, калі на прадпрыемствах такія дружныя творчыя работнікі», – падтрымала пружанцаў іншая карыстачка TikTok.