Беларуса судзілі за фота ў профілі Tinder
- 18.10.2023, 20:58
Суддзя Таццяна Кукліна прызначыла яму штраф.
Жыхару Дрысы далі вялікі штраф за фатаграфію ў профілі праграмы знаёмстваў Tinder. На здымку ён быў у футболцы з «Пагоняй». На пастанову, якая была апублікаваная ў Банку судовых выракаў, звярнуў увагу праваабарончы тэлеграм-канал "Віцебск, я гуляю!"
Фатаграфію мужчыны ў Tindere адшукалі супрацоўнікі мясцовага аддзела міліцыі. Навошта яны вывучалі ў працоўны час мужчынскія профілі ў праграме для знаёмстваў, у пастанове суда не ўдакладняецца.
Міліцыянты прыйшлі да меркавання, што жыхар Дрысы ў Tinder не пару сабе шукаў, а пікетаваў і "публічна выказваў свае грамадска-палітычныя погляды". Для чаго нібыта і апублікаваў свой здымак у футболцы з “Пагоняй”.
У судзе затрыманы віну прызнаў. Суддзя Таццяна Кукліна прызначыла яму 3330 рублёў штрафу, футболку загадала знішчыць, а тэлефон — вярнуць.