Украінскія вайскоўцы знішчылі яшчэ адзін расейскі штурмавік Су-25
- 18.10.2023, 20:46
Пра гэта паведаміў Генеральны штаб УСУ.
Генеральны штаб Узброеных сіл Украіны праінфармаваў у Facebook у вечаровай справаўдачы 18 кастрычніка аб збітых самалёце расейскіх акупантаў і варожых беспілотніках.
«На працягу дня авіяцыя сіл абароны нанесла 15 удараў па мясцінах засяроджвання асабовага складу, узбраення ды вайсковай тэхнікі і яшчэ тры — па зенітных ракетных комплексах ворага. Таксама нашы абаронцы знішчылі расейскі самалёт Су-25 і чатыры выведныя БПЛА аперацыйна-тактычнага ўзроўню», – гаворыцца ў паведамленні.
Таксама, паводле Генеральнага штаба УСУ, падраздзяленні ўкраінскіх ракетных войскаў пацэлілі ў два пункты кіравання ворага, зенітны ракетны комплекс "Тор", радыёлакацыйную станцыю "Заапарк-1М" і 11 артылерыйскіх сродкаў.
Агулам, паводле інфармацыі ўкраінскага войска, за дзень адбыліся 64 баявыя сутыкненні з расейскімі акупантамі, больш за ўсё — 20 разоў — супраціўнік атакаваў на купянскім кірунку.
Аб знішчэнні расейскіх штурмавікоў Су-25 украінскія вайскоўцы паведамлялі 10 кастрычніка, 13 кастрычніка і 16 кастрычніка.