Украіна змагла даставіць збожжа ў латвійскі порт у абыход Беларусі
- 18.10.2023, 20:20
Украінскі таварны цягнік прыехаў у латвійскі порт упершыню з пачатку вайны.
Украінскі таварны цягнік, наладаваны рапсам, прыехаў у латвійскі порт упершыню з пачатку вайны, піша Rail Freight.
Галоўнай складанасцю застаецца неабходнасць абыходу тэрыторыі Беларусі. Цягнік ідзе ў Латвію праз Польшчу, што істотна павялічвае час транзіту. Цягнік складаецца з 54 кантэйнераў са збожжам, у кожным з якіх — блізу 1,4 тоны рапсу.
Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне экспарт збожжа стаў адной з сусветных праблем. А пасля выхаду Расеі са збожжавай угоды марскі шлях экспарту стаўся перацяты. Таму пошук альтэрнатыўных шляхоў застаецца актуальным не толькі для самой Украіны, але і для міжнароднай супольнасці. У ААН не аднойчы падкрэслівалі, што блакада ўкраінскага збожжа пагражае голадам найбяднейшым краінам свету.
Год таму Аляксандр Лукашэнка прапанаваў ААН звярнуць увагу на магчымасць транзіту збожжа праз Беларусь і нават заяўляў, што такі транзіт ужо ідзе. Украіна ў сваю чаргу зняпраўджвала гэтыя сцвярджэнні і заяўляла, што не перавозіць праз Беларусь ніякія тавары ніякімі тыпамі транспарту.