Імпічмент прэзідэнтцы Грузіі праваліўся
- 18.10.2023, 17:01
Прарасейскай партыі не выстарчыла галасоў.
У сераду, 18 кастрычніка, парламент Грузіі не змог абвясціць імпічмент прэзідэнтцы Саламэ Зурабішвілі. Дэпутаты не набралі патрэбную колькасць галасоў.
Пра гэта паведамляе Rustavi.
Падтрымалі ініцыятыву імпічменту 86 дэпутатаў пры неабходных 100.
Працэдуру ініцыявала кіроўная прарасейская партыя «Грузінская мара», у якой толькі 84 месцы.
Саламэ Зурабішвілі таксама выступіла ў парламенце, а пасля галасавання яна пакінула залу.
31 жніўня Саламэ Зурабішвілі пачала сваё турнэ па Еўропе, дзе планавала сустрэцца з лідарамі для падтрымкі надання Грузіі статусу краіны-кандыдаткі на чаленства ў ЕЗ. Першай краінай для візіту стала Нямеччына. Таксама яна наведала Францыю і Эстонію.