Жыхара Рагачова судзілі за серабрыста-чырвоныя катафоты на ровары
- 18.10.2023, 16:26
У гэтым убачылі «пікетаванне».
У Рагачове судзілі мясцовага жыхара, які ўсталяваў на сваім ровары серабрыста-чырвоны святлоадбівальнік. Міліцыянты ўгледзелі ў катафоце БЧБ-сцяг, а суд аштрафаваў мужчыну за «незаконнае пікетаванне», піша «Гомельская весна».
Некалькі гадоў таму рагачовец Пётр Русак усталяваў на сваім ровары святлоадбівальнік у выглядзе паласы сярэбранага і чырвонага колераў.
Супрацоўнікі мясцовага РАУС палічылі, што катафот падобны на бел-чырвона-белы сцяг, а гаспадар ровара тым самым «пікетуе ў парушэнне ўстаноўленага парадку» і «парушае закон аб масавых мерапрыемствах». На мужчыну склалі адміністрацыйны пратакол, справа пайшла ў суд.
2 кастрычніка суддзя Вольга Пакроўская вынесла пастанову паводле артыкула 24.23 КоАП («Парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў») і аштрафавала Русака на 555 рублёў.