У Беларусі забаранілі чарговы алкагольны напой з Расеі
- 17.10.2023, 12:14
У складзе знайшлі недапушчальныя харчовыя дадаткі.
Піўны напой "Слівавіца" ад расейскага вытворцы ТАА "Магістраль" (піваварны завод "Чэшскі Леў" з Курска) забаронены для продажу ў Беларусі, вымаецца з абарачэння і забараняецца для ўвозу ў нашу краіну. Такую пастанову прыняў Дзяржаўны камітэт стандартызацыі Беларусі.
Паведамляецца, што прадукцыя не адпавядае абавязковым патрабаванням тэхнічных рэгламентаў.
«Пры вырабе піўных напояў выкарыстоўваліся заяўленыя ў маркаванні недапушчальныя харчовыя дадаткі – сінтэтычныя фарбавальнікі: у напоі, які вырабляецца на базе піва (піўны напой) «Слівовіца» са смакам слівы пастэрызаванага фільтраванага – понса паводле маркавання: найменне кампанента "ГФС", пазначанага ў складзе прадукцыі, не зразумелае і не дазваляе залічыць кампанент да харчовай прадукцыі; няма наймення харчовага дадатку "падсалоджвальнік 280В СЛАДЗІН" або індэкс згодна з Міжнароднай лічбавай сістэмай (INS) або Еўрапейскай лічбавай сістэмай (EAN) заяўленай вытворцам у маркаванні прадукцыі», — гаворыцца ў абгрунтаванні забароны.
У Беларусь піўны напой завозіла менскае ТАА "АЭКС".