BE RU EN

У Польшчы працуе 387 беларускіх IT-кампаній

Большасць адкрытыя пасля 2020-га года.

У Польшчы зарэгістравана больш за 17 тыс. IT-кампаній. З іх 387 (2%) з беларускім капіталам. Большасць з іх была адкрытая ў апошнія тры гады, расказалі Dev.by у польскім Цэнтры эканамічнай інфармацыі.

У статыстыцы польскага Цэнтра эканамічнай інфармацыі ўлічваюцца кампаніі, у якіх адным з акцыянераў з'яўляецца беларуская юрыдычная асоба або фізічная асоба з беларускім грамадзянствам (або з'яўляецца фактычным бенефіцыярам).

Пры гэтым 90% IT-кампаній з беларускімі каранямі ў Польшчы – 336 бізнэсаў – былі зарэгістраваныя ў перыяд са студзеня 2020 да верасня 2023 года.

Вось як расла іх колькасць: калі ў 2020 годзе ў Польшчы з'явілася 27 IT-кампаній з беларускім капіталам, то ў 2021 ужо 82 кампаніі, а ў 2022 – амаль 140, або ў 5 разоў больш, чым у 2020 годзе. На сёння гэта рэкорд за ўвесь час.

Сёлета, паводле апошніх звестак, у Польшчы было адчынена 88 IT-кампаній з беларускім капіталам.

Яшчэ адзін паказальны момант: на канец 2019 года ў Польшчы дзейнічала ўсяго 76 ІТ-кампаній з інвестарамі-беларусамі. Атрымліваецца, што з 2020 года колькасць польскіх IT-кампаній з беларускім капіталам павялічылася ў 5 разоў.

У колькасці кампаній з беларускім капіталам у Польшчы IT уваходзіць у топ-3 і крыху апярэджвае будаўніцтва.

Усяго ў Польшчы, паводле звестак цэнтра эканамічнай інфармацыі, на канец верасня было зарэгістравана блізу 6 тыс. кампаній з беларускім капіталам.

Як і ў выпадку з IT-бізнэсамі асноўная колькасць кампаній – 4,4 тыс., або больш за 70% – былі адкрытыя з 2020 года. Калі ў перыяд з 2016 да 2018 года беларусы або беларускія юрыдычныя асобы рэгістравалі ў Польшчы больш за 200 кампаній штогод, то ў 2019–2020 гадах колькасць новых кампаній вырасла да 400+, а ў 2022 годзе быў устаноўлены рэкорд – больш за 1,8 тыс. кампаній. Гэта 14% ад усіх кампаній з замежным капіталам, адкрытых у Польшчы ў 2022 годзе.

Сёлета, паводле апошніх звестак, у Польшчы адчынілася больш за 1,2 тыс. кампаній з беларускім капіталам.

Усяго ў Польшчы на канец верасня гэтага года было зарэгістравана 103,5 тыс. кампаній з замежным капіталам. Беларусь у колькасці адкрытых бізнэсаў, у тым ліку дзякуючы ІТ, уваходзіць у топ-3.

Апошнія навіны