У Менска з'явіўся новы галоўны архітэктар
- 16.10.2023, 18:44
Пасада была вакантнай тры месяцы.
У ліпені гэтага года Вольга Верамей, якая займала пасаду старшыні Камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва Менгарвыканкама з лістапада 2020-га, пайшла працаваць у «Мінскграда». Месца галоўнага архітэктара сталіцы стала вакантным. І заставалася такім цягам трох месяцаў. Аднак сёння сітуацыя нарэшце змянілася. На адну з ключавых пасад у Менгарвыканкаме быў прызначаны Віктар Гуцько.
Вось што пра яго вядома. Віктар Гуцько - ураджэнец Ваўкавыска. Скончыў Менскі архітэктурна-будаўнічы тэхнікум і Беларускую дзяржаўную політэхнічную акадэмію, затым - Акадэмію кіравання пры Лукашэнку. Працоўны шлях пачаў у Бераставіцкім раённым выканаўчым камітэце ў аддзеле архітэктуры, горадабудаўніцтва і тэрытарыяльнага планавання. Пазней працаваў начальнікам аддзела архітэктуры і горадабудаўніцтва адміністрацыі Фрунзенскага раёна. Займаў кіроўныя пасады ў шэрагу арганізацый будаўнічага профілю.