BE RU EN

БЧ уводзіць новы графік цягнікоў на 2023/2024

Графік будзе дзейнічаць цягам года.

10 снежня 2023 года з 00:00 на Беларускай чыгунцы ўводзіцца графік руху цягнікоў на 2023/2024 гады. Ён сфармаваны на падставе маніторынгу попыту на перавозкі і кірункаў пераважных пасажыраплыняў, паведамляе БЧ. Графік будзе дзейнічаць цягам года.

Усяго ў нарматыўным графіку руху цягнікоў на 2023/2024 гады па сетцы Беларускай чыгункі прадугледжана курсаванне 383 пар пасажырскіх паяздоў.

З 10 снежня міжнародныя пасажырскія перавозкі ў злучэнні Беларусь - Расея будуць арганізаваныя па асноўных пасажыраўтваральных кірунках у прамых і бесперасадачных злучэннях з Масквой, Санкт-Пецярбургам, Калінінградам, Адлерам, Анапай, Мінеральнымі Водамі, Самарай, Мурманскім і Архангельскім (праз Маскву, Яраслаў).

Таксама ў летні перыяд 2024 года павялічаная перыядычнасць курсавання цягнікоў да Адлера, Анапы і Калінінграда.

Акрамя таго, асобным цягнікам міжнародных ліній скарочаны час знаходжання ў дарозе.

Так, напрыклад, цягніку № 66/65 Менск - Мурманск скарочаны час знаходжання ў дарозе з Менска больш як на 4 гадзіны, у зваротным кірунку - на 1 гадзіну 40 хвілін.

Таксама са снежня 2023 года будуць курсаваць бесперасадачныя вагоны Менск - Мінеральныя Воды з перыядычнасцю праз дзень і Менск - Архангельск (праз Смаленск, Маскву, Яраслаўль, Волагду) з перыядычнасцю адзін раз на тыдзень. Акрамя таго, працягне курсаваць цягнік міжнародных ліній Менск - Самара з перыядычнасцю адзін раз на тыдзень, а цягнік № 68/67 Смаленск - Санкт-Пецярбург будзе накіроўвацца з прыпыненнем на станцыі Віцебск праз дзень.

У новым графіку руху пасажырскіх цягнікоў у перыяды падвышанага попыту на пасажырскія перавозкі па маршруце Менск - Санкт-Пецярбург і Полацк - Масква будуць курсаваць дадатковыя цягнікі зручным для пасажыраў і турыстаў раскладам, а таксама захаваны дзейны парадак курсавання бесперасадачных вагонаў у злучэннях Пскоў - Менск - Пскоў у перыяд павелічэння пасажыраплыні.

Для забеспячэння перавозкі пасажыраў па перадвыхадных, выхадных і святочных днях у графіку руху прадугледжаны дадатковыя цягнікі, якія будуць курсаваць па найбольш папулярных у пасажыраў маршрутах як у міжнародных злучэнняў, так і ў межах краіны.

Унутрырэспубліканскі рух

Ва ўнутрырэспубліканскіх злучэннях пры фармаванні графіка руху цягнікоў асаблівая ўвага была нададзеная развіццю і ўзмацненню транспартных сувязяў рэгіёнаў Рэспублікі Беларусь.

Так, са снежня 2023 года па маршруце Віцебск - Менск - Віцебск будзе ўведзены новы цягнік міжрэгіянальных ліній з перыядычнасцю курсавання па пятніцах і нядзелях, а таксама ў перадсвяточныя і святочныя дні.

Маршрут цягніка міжрэгіянальных ліній № 635 Менск - Пінск будзе працягнуты да станцыі Брэст-Цэнтральны з прыпынкамі ў раённых цэнтрах Янава (станцыя Янаў-Палескі), Драгічын, Кобрын і Жабінка.

У злучэнні паміж Менскам і абласнымі цэнтрамі, а таксама буйнымі гарадамі рэспублікі будуць курсаваць больш як 30 пар цягнікоў міжрэгіянальных і рэгіянальных ліній бізнэс-класа, якія абслугоўваюцца маторавагонным рухомым складам.

Графік руху цягнікоў рэгіянальных ліній эканомкласа і гарадскіх ліній, сфармаваны на падставе маніторынгу попыту на перавозкі, а таксама ў выніку праведзенай супольнай работы з абласнымі выканаўчымі камітэтамі ў аптымізацыі памераў руху на малаінтэнсіўных адцінках і арганізацыі рэгулярных аўтамабільных перавозак, прадугледжвае курсаванне 254 пар цягнікоў рэгіянальных ліній і 36 пар цягнікоў гарадскіх ліній.

Апошнія навіны