BE RU EN

На Віцебшчыне палове рэспубліканскіх дарог патрабуецца рамонт

  • 29.01.2023, 16:37

Але грошай на рамонт няма.

Больш як 50 адсоткаў рэспубліканскіх аўтамабільных дарог Віцебскай вобласці маюць патрэбу ў рамонце.

Пра гэта БелТА паведамілі ў РУП «Віцебскаўтадар».

У арганізацыі адзначылі, што «ў апошнія гады ў сувязі з недафінансаваннем дарожнай галіны пакрыццё дарог разбураецца паскоранымі тэмпамі». З прычыны гэтага на 1,1 тысячы км дарог (а гэта 38%) ёсць абмежаванні нагрузкі на вось транспартнага сродку да 6 т.

Усяго рамонт патрабуецца для больш як 1,5 тысячы км рэспубліканскіх дарог у вобласці, або 51,5 адсотка ад агульнай іх працягласці. Пры гэтым толькі капітальнага рамонту на Віцебшчыне патрабуюць 16,2 адсотка дарог ад агульнай працягласці, або больш як 480 км.

Каб адрамантаваць рэспубліканскія аўтадарогі ў вобласці да нарматыўнага стану, толькі ў 2023 годзе неабходна больш як Br474,5 млн. Але на ўтрыманне, існы і капітальны рамонты, рэканструкцыю і будаўніцтва дарог Віцебшчыне сёлета выдзелілі толькі Br116,7 млн, або ў чатыры разы менш, чым неабходна.

Усяго, згодна з дзяржпраграмай, у 2023 годзе плануецца выканаць рамонт і рэканструкцыю блізу 1 тысячы км рэспубліканскіх дарог. То бок, гэта нават менш, чым трэба адрамантаваць у адной толькі Віцебскай вобласці.

Апошнія навіны