HIMARS разбілі вайсковы эшалон РФ у Ілавайску
- 29.01.2023, 11:41
Сталі вядомыя новыя дэталі ўдару УСУ па акупантах.
У ноч на 29 студзеня ў акупаваным Ілавайску, што пад Данецкам, грымелі магутныя выбухі. «Прылёты» адбыліся ў раёне лакаматыўнага дэпо, запэўніваюць мясцовыя паблікі. Некаторыя выбухі жыхары горада паспелі зняць на відэа. Кадры даступныя на Telegram-канале «Украіна 365».
Удар быў нанесены прыкладна а 23:00 паводле менскага часу. Мясцовыя жыхары ўпэўненыя, што працавала ўкраінская рэактыўная сістэма HIMARS. Былі чутныя сама меней 7 прылётаў ракет.
Здарэнне пракаментаваў сепаратысцкі рэсурс АРДЛА «Данбаскі Кейс» у Telegram. «Мясцовыя кажуць, што 7 HIMARS прыляцела на чыгуначную станцыю, падобна, менавіта ў момант разгрузкі эшалона з асабовым складам і тэхнікай», – напісаў канал.
Паводле апошніх звестак, пры аперацыі былі пашкоджаны кантактная сетка чыгункі, тэхніка, а таксама жывая сіла акупацыйнага войска РФ. Украінскі бок пакуль не каментуе тое, што здарылася.