BE RU EN

Пуціну няма чаго супрацьпаставіць заходнім танкам

  • 28.01.2023, 16:09

Вайсковы экспэрт аб тым, як сучасныя танкі паўплываюць на ход вайны.

Такім чынам, агульная колькасць танкаў заходняга ўзору, якія перададуць Украіне, ужо перасягнула за 300, гэта значыць, больш за 3 паўнавартасныя брыгады. І не так даўно я разглядаў магчымасці фармавання рот/батальёнаў/палкоў/брыгад з тых ці іншых заходніх АБТ, піша ўкраінскі вайсковы экспэрт Аляксандр Каваленка. Але як у танкавым пытанні ідуць справы ў нашага ворага?

Цяпер шмат гавораць аб ракетах у Расеі, іх дэфіцыце і магчымасцях ВПК РФ папаўняць іх колькасць, але не згадваюць яшчэ адзін вельмі важны інструментарый акупантаў - танкі. Бо менавіта праз танкавыя кулакі Расея здольная рэалізоўваць як наступы, так і абарону.

Між тым, на сёння фіксуецца сур'ёзная і я б нават сказаў крытычная некамплектацыя падраздзяленняў РАВ (расейскіх акупацыйных войскаў - заўв.) танкавай кампанентай. Танкі знікаюць як абавязковы штатны элемент таго ці іншага падраздзялення.

На момант уварвання ва Украіну ў расейскага войска, паводле розных крыніц, было ад 2600 да 3300 баяздольных танкаў. На сёння, паводле інфармацыі Генштаба УСУ знішчаныя 3182 танкі РАВ. Паводле звестак Oryx – 1650.

Асобна адзначу, што Oryx фіксуе толькі тую тэхніку, знішчэнне, пашкоджанне або «затрафей» якой пацверджаныя дакументальна (фота ці відэа). З іншага боку, тэхніка, якая застаецца іржавець на полі бою або вывезеная ў Расеі на могілкі, не фіксуецца.

Я ўжо неаднаразова даводзіў, што звесткі Генштаба УСУ аб знішчанай тэхніцы максімальна адпавядаюць рэчаіснасці, з мінімальным адхіленнем +/-N%. Гэта дазваляе паўнавартасна выкарыстоўваць гэтыя звесткі як максімальна дакладныя.

Факт жа росту дэфіцыту танкаў у варожых падраздзяленняў пацвярджае каласальныя танкавыя страты РАВ, супастаўныя са стратамі ўсяго баяздольнага патэнцыялу і пераход на выкарыстанне кансерваванага рэсурсу са складоў і цэнтраў захоўвання.

Гэта значыць, танкавы крызіс у РАВ, як той казаў - на твар. Як яго развязваць? Здымаць танкі з захоўвання і кансервацыі. Як-ніяк, а паводле адкрытых звестак у Расеі на захоўванні блізу 15 тысяч танкаў Т-72, Т-80, Т-90, Т-64 і Т-62.

Здавалася б, раскансервуй - не хачу! Але, не.

Справа ў тым, што пераважная большасць з гэтых танкаў знаходзіліся на захоўванні ў, мякка кажучы, нездавальняючых умовах і аднаўленню, таксама, мякка кажучы, папросту не падлягаюць. Іншая частка патрабуе ТА і рамонту.

Фактычна, да аднаўлення баяздольнасці з расейскіх цэнтраў захоўвання прыдатныя блізу 20% усіх наяўных танкаў. Груба кажучы, гэта да 3 тысяч танкаў. Ізноў жа, сур'ёзная колькасць для ўзнаўлення баяздольнасці войска, але ўсё ж...

Рамонт гэтых танкаў і вяртанне ім баяздольнага стану займае час. Напрыклад, аднаўленне пасля кансервацыі Т-72 можа заняць ад двух тыдняў да месяца. У Т-80 працэс больш складаны і гэта прыблізна месяц.

Акрамя таго, у большасці выпадкаў аднаўленне адбываецца ў фармаце канібалізму, гэта значыць, выкарыстоўваюць запчасткі з іншых танкаў. Такі фармат асабліва распаўсюджаны пры аднаўленні Т-64, а так жа Т-62.

Варта адзначыць, што Т-62 прасцей і хутчэй за ўсё аднаўляюцца, але яны зусім не адпавядаюць выклікам і ўзроўню сучаснай вайны. Але іншага ў расейцаў выйсця няма, менавіта Т-62 хутчэй за ўсё могуць адпраўляць на фронт.

У выніку, Расея сутыкнулася з сур'ёзнай праблемай - небывалым дэфіцытам танкаў. Гэтую праблему яна спрабуе развязаць за кошт «дружалюбных» краін, напрыклад Беларусі, вывозячы з 969-й базы рэзерв танкаў АБТ Т-72А.

А цяпер самае цікавае.

Украіна на цяперашнім этапе дапамогі ад міжнародных партнёраў атрымае больш за 300 сучасных танкаў. Што зможа супрацьпаставіць Расея за тыя ж тэрміны гэтаму патэнцыялу? Старыя Т-72, Т-80 і Т-62, не ўсе ў спешцы нават абсталяваныя ДЗ?

Але галоўнае тое, што Расея не зможа забяспечыць тое, за кошт чаго заўсёды старалася перамагаць - масавасць. У яе няма магчымасці ствараць колькасны дысбаланс АБТ у зоне БД, але, тым не менш, мы з вамі становімся сведкамі паступовага, але ўпэўненага расту дысбалансу. Якаснага дысбалансу.

Апошнія навіны