BE RU EN

На мяжы з Літвой лукашысты спрабавалі знішчыць літоўскую камеру відэаназірання

  • 27.01.2023, 9:20

Пасля прыезду літоўскіх памежнікаў вандалы ўцяклі разам з драбінкамі.

24 студзеня ўвечары памежнікі з літоўскага Капчэмесціса зафіксавалі, як да літоўска-беларускай мяжы з боку Беларусі падышлі два чалавекі з драбінкамі і спрабавалі з нейкімі мэтамі знішчыць камеру відэаназірання, паведамляе Delfi.

Людзі, якія падышлі да мяжы, прарэзалі некалькі секцый у загародзе. Пасля гэтага яны спрабавалі нажніцамі для металу збіць відэакамеру і датчык інфрачырвонага выпраменьвання. Датчык ім удалося крыху ссунуць, але да камеры нажніцы не дацягнуліся.

Літоўскія памежнікі зазначаюць, што такія нажніцы носяць з сабой беларускія памежнікі, якія патрулююць тэрыторыю, іх таксама выкарыстоўваюць для разразання загарод, каб адкрыць праход для нелегалаў.

Пасля прыезду літоўскіх памежнікаў вандалы ўцяклі разам з драбінкамі. «Памежнікі заўважылі, што агароджа і сістэма назірання на мяжы з Беларуссю выклікае незадаволенасць у людзей, якія арганізуюць дастаўку нелегальных мігрантаў да літоўскай мяжы», – адзначае Delfi.

Апошнія навіны