BE RU EN

«Голас Амерыкі»: ЗША прынялі пастанову аб пастаўцы танкаў «Абрамс» ва Украіну

  • 25.01.2023, 11:25

Афіцыйна аб гэтым можа быць абвешчана ўжо сёння.

ЗША рыхтуюцца да афіцыйнага авяшчэння аб пастаўцы ва Украіну танкаў "М1 Абрамс" (M1 Abrams) амерыканскай вытворчасці. Гэтую інфармацыю ў аўторак у гутарцы з карэспандэнтам “Голас Амерыкі” пацвердзіў прадстаўнік адміністрацыі Джо Байдэна.

Верагодней за ўсё, танкі будуць закупленыя ў рамках Ініцыятывы садзейнічання бяспецы Украіны (USAI), а гэта азначае, што яны будуць узятыя не з арсенала Пентагона, дадала крыніца.

Дзве крыніцы ў адміністрацыі таксама паведамілі пра гэта агенцтву “Рэйтэр”. Пастанова была прынятая ўсяго праз некалькі дзён пасля таго, як Вашынгтон запярэчыў супраць адпраўкі “Абрамсаў”, нягледзячы на просьбы Кіева і ціск на Бэрлін, з патрабаваннем адправіць ва Украіну баявыя танкі “Леапард” нямецкай вытворчасці.

Трэцяя крыніца, знаёмая з сітуацыяй, паведаміла, што ў найбліжэйшыя месяцы ЗША могуць паставіць каля 30 танкаў "Абрамс".

Афіцыйныя асобы, якія размаўлялі з журналістамі на ўмовах ананімнасці, заявілі, што аб'ява можа быць зробленая ўжо ў сераду, 25 студзеня.

Крыніцы "Рэйтэр" таксама сказалі, што "Абрамсы", хутчэй за ўсё, будуць набытыя праз фонд USAI.

Адна з крыніц сказала, што адміністрацыя Байдэна магла б выкарыстоўваць USAI, каб купіць раней набытыя “Абрамсы” ў хаўруснікаў, адрамантаваць іх і адправіць ва Украіну. Гэты працэс, як піша "Рэйтэр", можа заняць месяцы і нават гады.

Украіна заяўляе, што заходнія баявыя танкі, абсталяваныя цяжкай бранёй, забяспечаць яе войскам вялікую мабільнасць і абарону перад новым расейскім наступам, які Кіеў чакае ў найбліжэйшай будучыні. Новыя танкі таксама могуць дапамагчы Украіне вярнуць сабе частку тэрыторыі, акупаванай Масквой.

Раней прадстаўнікі адміністрацыі заяўлялі, што "Абрамсы" складана абслугоўваць, працэс навучання працы з імі зойме шмат часу, згадваючы яшчэ адзін мінус - неабходнасць выкарыстання рэактыўнага паліва, што з'яўляецца не лепшай альтэрнатывай у існых умовах.

Прадстаўнік Пентагона ў аўторак адмовіўся пацвердзіць, ці паставіць Вашынгтон танкі Украіне, паўтарыўшы раней зробленыя заявы аб складанасцях у выкарыстанні "Абрамсаў".

“M1 (Abrams) - гэта складаная вайсковая тэхніка, якую цяжка абслугоўваць. Гэта было дакладна ўчора, гэта дакладна сёння і будзе дакладна ў будучыні”, - заявіў журналістам афіцыйны прадстаўнік Пентагона брыгадны генерал Пэт Райдэр.

"Мы працягваем абмяркоўваць з украінцамі і нашымі супольнікамі і партнёрамі сярэднетэрміновыя і доўгатэрміновыя абаронныя патрэбы Украіны", – дадаў Райдэр.

З'яўленне інфармацыі аб змякчэнні пазіцыі ЗША адбылося ў той жа дзень, калі крыніцы паведамілі, што Нямеччына накіруе танкі “Леапард-2” ва Украіну, каб дапамагчы адбіць расейскае ўварванне, і дазволіць іншым краінам, такім як Польшча, зрабіць тое ж самае.

Крыніца, знаёмая з пытаннем, сказала, што пастанова была прынятая Вашынгтонам у рамках камунікацыі з Бэрлінам аб яго нежаданні выдаваць танкі Украіне, каб прадэманстраваць сур'ёзнасць абавязанняў, узятых на сябе ЗША.

“Злучаныя Штаты былі гатовыя ўзяць на сябе значныя абавязанні, каб дапамагчы [Нямеччыне] у стварэнні сваіх уласных [абавязанняў], - сказала крыніца. - Танкі - гэта важны сродак, і калі для гэтага патрабуецца лідарства ЗША, то гэта тое, што мы былі гатовыя зрабіць”.

Апошнія навіны