BE RU EN

Беларусь і РФ выключылі са спісу краінаў-транслятарак Алімпійскіх гульняў найбліжэйшых дзесяці гадоў

  • 16.01.2023, 21:21

Праз вайну ва Украіне.

Міжнародны алімпійскі камітэт 16 студзеня абвясціў вынікі тэндару на трансляцыю Алімпійскіх гульняў 2024–2032 гадоў на тэрыторыі Еўропы. Эксклюзіўныя правы транслявання атрымалі Еўрапейскі трансляцыйны звяз (EBU) і кампанія Warner Bros. Discovery. Але ў Беларусі і Расеі, здаецца, афіцыйных трансляцый Алімпіядаў не будзе, піша «Люстэрка».

МАК абвясціў свой тэндар 24 лютага 2022 года. EBU і Warner Bros. Discovery падавалі супольную заяўку і сталі пераможцамі. Яны арганізуюць тэлетрансляцыю гульняў у 49 краінах Еўропы праз тэлекампаніі, якія ўваходзяць у EBU, а Warner Bros. Discovery будзе адказная за стрымінг Гульняў на лічбавых платформах, у першую чаргу на сваім сэрвісе HBO.

Першапачаткова ў спісе краінаў-транслятарак былі і Расея з Беларуссю. Але пасля пачатку вайны іх выключылі з тэндарнага працэсу. Адпаведна расейскія і беларускія тэлеканалы і сэрвісы не атрымаюць афіцыйнага права на трансляцыю Гульняў – ва ўсякім разе, пакуль.

У перыяд, на які EBU і Warner Bros. Discovery атрымалі эксклюзіўныя правы на трансляцыю, трапляюць Алімпіяда-2024 у Парыжы, зімовыя Гульні-2026 у Лондане, Алімпіяда 2028 года ў Лос-Анджэлесе, зімовыя Гульні 2030 года і летнія 2032 года ў Брысбене.

Нагадаем, яшчэ летам 2021 года Еўрапейскі трансляцыйны звяз прыпыніў удзел Белтэлерадыёкампаніі праз паказ у эфіры відэа, на якіх затрыманыя даюць паказанні пад прымусам, і праз пагаршэнне сітуацыі са свабодай слова ў Беларусі.

Апошнія навіны