РФ перакідае на ўсход Украіны падрыхтаваныя ў Беларусі падраздзяленні
- 10.01.2023, 21:16
Аб гэтым заявіў прадстаўнік Дзяржаўнай памежнай службы Украіны.
У Беларусі пакуль не назіраецца перасоўванне расейскай вайсковай тэхнікі і жаўнераў да мяжы з Украінай. Таксама не адбываецца перасоўвання падраздзяленняў беларускага войска. Пра гэта заявіў прадстаўнік Дзяржаўнай памежнай службы Украіны (ДПСУ) Андрэй Дземчанка ў эфіры тэлемарафона, паведамляе ZN.UA.
Ён зазначыў, што Расея перакідае ва ўсходнія рэгіёны Украіны тыя падраздзяленні, якія прайшлі падрыхтоўку на тэрыторыі Беларусі.
«У той жа час тыя сілы РФ, якія знаходзіліся дагэтуль на тэрыторыі Беларусі і праходзілі падрыхтоўку, іх Расея паціху перакідае ўжо на ўсход нашай краіны, каб узмацніць сваю групоўку», - падкрэсліў Дземчанка.
Ён запэўніў, што РФ і Беларусь нагнятаюць сітуацыю, каб утрымліваць на паўночных межах украінскае войска. Надоечы былі анансаваныя лётна-тактычныя вучэнні ў перыяд з 16 студзеня да 1 лютага гэтага года.
«Цяпер сіл і сродкаў, стварэння такой ударнай групоўкі, якая магла б учыніць паўторнае ўварванне цяпер, мы не заўважаем. Гэта не адзначаюць і падраздзяленні выведкі», - адзначыў Дземчанка.