BE RU EN

Да паставак зброі Украіне далучыўся Пакістан

Краіна паставіць Кіеву баявыя прыпасы.

Пакістан плануе адправіць 159 кантэйнераў з баявымі прыпасамі, прызначаных для Украіны, з порта Карачы ў порт Гданьск у Польшчы. Як паведамілі крыніцы выдання The Economic Times, судна Vesuvius прывязе 155-мм набоі, кідальныя набоі M4A2, артылерыйскія капсулі M82 і выбухоўнікі PDM. Іх дасць ісламабадскі прадавец зброі DMI Associates у супрацоўніцтве з абароннымі фірмамі ва Усходняй Еўропе.

Наўзамен Пакістан чакае атрымаць дапамогу Украіны ў мадэрнізацыі сваіх гелікаптэраў Мі-17, а таксама ў рамонце парка з 320 танкаў Т-80УД. Як чакаецца, пакістанскімі гелікаптэрамі зоймецца ўкраінская кампанія, якая вырабляе авіярухавікі і прамысловыя марскія газавыя турбіны.

Даўней Пакістан адыграў важную ролю ў перадачы зброі Украіне ад імя Вялікай Брытаніі ў перыяд з 6 да 15 жніўня 2022 года. Брытанскія вайсковыя рэйсы перавозілі зброю з авіябазы Нур-Хан у Равалпіндзі ў міжнародны аэрапорт Абрам Янку Клуж у Румыніі, адкуль цяжар везлі ва Украіну. Для перавозу выкарыстоўваўся самалёт C-17A Globemaster III брытанскіх ВПС. Далейшыя пастаўкі для ўкраінскага войска могуць здзяйсняцца такім жа чынам.

Украіну і Пакістан лучаць шчыльныя вайсковыя і прамысловыя сувязі. Пакістан закупіў больш за 320 украінскіх танкаў Т-80УД з поўным камплектам баявых прыпасаў і запасных частак. У перыяд з 1991 да 2020 год Украіна ўклала з Пакістанам зброевыя кантракты на суму амаль $ 1,6 млрд. Таксама Ісламабад дамовіўся з Кіевам аб рамонце свайго парку Т-80УД. Сума кантракта склала $85,6 млн. Летась Пакістан і Украіна дамовіліся развіваць вайсковыя сувязі, асабліва ў сфэрах вырабу ўзбраення, навучання персаналу, контртэрарыстычнай дзейнасці і выведкі.

Апошнія навіны