У Менску камандзір роты страляў у падначаленых з пнеўматычнага пісталета
- 10.01.2023, 20:07
Старшы прапаршчык «падстрэліў» 18 вайскоўцаў.
У Менску асуджаны старшы прапаршчык, які страляў у падначаленых з пнеўматычнага пісталета, выкарыстоўваў супраць іх спецсродкі, збіваў. Ад дзеянняў камандзіра роты адной з вайсковых часцей пацярпелі 18 вайскоўцаў тэрміновай службы.
Служба інфармацыі пракуратуры горада Менска паведамляе, што ўсё гэта працягвалася з лютага 2021-га да студзеня 2022 года. Старэйшы прапаршчык такім чынам спрабаваў падтрымліваць у падраздзяленні дысцыпліну, дабівацца выканання загадаў.
Судзілі вайскоўца за «перавышэнне ўлады начальніка, спалучанае з гвалтам і выкарыстаннем спецыяльных сродкаў». Сваю віну ён прызнаў. Крымінальную справу разглядаў суд Заводскага раёна Менска. Камандзіра роты асудзілі на 5 гадоў пазбаўлення волі, штраф сумай 4,8 тысячы рублёў і пазбаўленне на 5 гадоў права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых абавязкаў. Згодна з амністыяй тэрмін пакарання скарацілі на адзін год.
Асуджанага пазбавілі вайсковага рангу «старшы прапаршчык». Пнеўматычны пісталет у яго канфіскавалі.