Індыя можа далучыцца да столі коштаў нафты
- 10.01.2023, 19:50
Гэта адбудзецца ў двух выпадках.
Урад Індыі абмяркоўвае магчымасць далучыцца да столі коштаў расейскай нафты. Пра гэта піша Telegraph India са спасылкай на крыніцы ў Міністэрстве нафты і прамысловасці.
Гэта адбудзецца ў двух выпадках: калі кошты нафты з Расеі вырастуць вышэй за $60 або калі Еўразвяз пачне ўводзіць другасныя санкцыі за парушэнне столі коштаў.
Індыя ўважліва сочыць за магчымымі дадатковымі санкцыямі ЕЗ супраць расейскай нафты, гавораць суразмоўцы выдання. Пакуль абмежаванне коштаў расейскай нафты $60 за бараль ніяк не паўплывала на экспарт у Індыю, прызнаюць яны. Краіна цяпер набывае расейскую нафту коштам $53–56 за бараль, адзначаюць крыніцы.
За апошнія тры месяцы Расея стала найбуйнейшым экспарцёрам нафты ў Індыю. Кожны дзень у снежні Масква пастаўляла Нью-Дэлі 1170000 бараляў, вынікае з звестак аналітычнай кампаніі Vortexa.
Індыя істотна нарасціла імпарт расейскай нафты ў 2022 годзе, калі праз ваеннае ўварванне Расеі ва Украіну асноўныя пакупнікі на захадзе ўвялі санкцыі на пастаўкі нафты з Расеі. Для прыкладу, у снежні 2021 года Індыя набывала толькі 36,2 тысячы бараляў кожны дзень.
І пастаўкі прадаўжаюць расці. У снежні імпарт нафты ў Індыю з Расеі вырас у адносінах да лістапада на 24%. Асноўныя пакупнікі – прыватныя нафтаперапрацоўчыя заводы.
Краіны G7, ЕС і Аўстралія ўвялі столь коштаў марской нафты $60 за бараль з Расеі 5 снежня. У гэты ж дзень пачало дзейнічаць эмбарга на расейскую нафту ў Еўразвязе.
Столь коштаў увялі для таго, каб унікнуць рэзкага скачка глабальных коштаў нафты. З яго дапамогай улады ЗША мелі намер захаваць расейскую нафту на рынку, але абмежаваць магчымасць Крамля фінансаваць вайну ва Украіне.
За парушэнне столі коштаў прадугледжанае пакаранне. Кампаніі, якія пасля 5 снежня набудуць расейскую нафту коштам вышэйшым за $60, пазбавяцца магчымасці атрымліваць банкаўскае фінансаванне і страхоўку ў Еўропе.
Пасля ўвядзення столі коштаў кошт расейскай нафты, якая і так прадавалася са значнымі дысконтамі да эталоннай нафты Brent, упаў яшчэ мацней. Паводле вынікаў снежня сярэдні кошт расейскага гатунку Urals апусціўся да $50,5 за бараль, даў справаздачу ў аператыўнай статыстыцы Мінфін.
А паводле звестак агенцтва Argus, якія прыводзіў Bloomberg, кошт Urals у пятніцу, 6 студзеня, упаў ніжэй за $40 за бараль. Размова ідзе пра партыю з адгрузкай з порта Прыморска ў Балтыйскім моры, якая каштавала $38,7 за бочку.