Стала вядомая дата суда над спявачкай Мерыем Герасіменкай, якая праспявала на ўкраінскай мове ў цэнтры Менска
- 10.01.2023, 19:36
Абсурдную справу будзе разглядаць суддзя Вікторыя Шабуня.
Спявачку Мерыем Герасіменку, якую мінулым летам затрымалі праз выкананне песні ўкраінскага гурта "Акіян Эльзы" ў цэнтры Менска, пачнуць судзіць 19 студзеня, паведамляе праваабарончы цэнтр "Вясна".
Дзяўчыну абвінавачваюць паводле артыкула 342 КК аб грубым парушэнні грамадскага парадку, паводле якога пагражае да чатырох гадоў пазбаўлення волі.
Працэс пачнецца 19 студзеня ў судзе Цэнтральнага раёна Менска, справу будзе разглядаць суддзя Вікторыя Шабуня. Яна вядомая мноствам "палітычных" прысудаў, адзін з апошніх – тры гады "хатняй хіміі" паводле "народнага" артыкула для экскурсаводкі Аксаны Манкевіч.
Нагадаем, Мерыем Герасіменку затрымалі ў пачатку жніўня летась пасля таго, як яна сыграла канцэрт на тэрасе бара "Банкі-бутэлькі" ў цэнтры Менска, на вуліцы Зыбіцкай. Сярод іншага яна выканала песні ўкраінскага гурта "Акіян Эльзы". Дзяўчыну асудзілі спачатку на 15 сутак, потым яшчэ раз на той самы тэрмін, але на волю яна так і не выйшла.
Акрамя спявачкі, сілавікі таксама затрымалі ўладальніка бара Андрэя Жука і некалькіх супрацоўнікаў (а пазней і жонку ўладальніка). З таго часу бар зачынены.
Пасля стала вядома, што на Герасіменку пачалі крымінальную справу. Раней сілавікі сцвярджалі, што ў 2020 годзе дзяўчына ўдзельнічала ў акцыях пратэсту. Праваабаронцы прызналі яе палітзняволенай.
Ва ўправе культуры Менгарвыканкама растлумачылі, што тое, што адбылося ў бары "Банкі-Бутэлькі", не звязанае з песняй, якую выканала Мерыем Герасіменка. Прычына ў тым, што "гэтае мерапрыемства не было санкцыянаванае ні з адным органам дзяржкіравання".
Тым часам 10 студзеня стала вядома пра "суткі" для іншага вулічнага музыкі, які напрыканцы снежня праспяваў у пераходзе ў Менску "Ваяры святла" гурта "Ляпіс Трубяцкой". Пра гэта расказаў былы зняволены, які сядзеў разам з хлопцам. Раней на спевака ў сацсетках паскардзілася праўладная прапагандыстка, якая выклала відэа з выкананнем кампазіцыі.