BE RU EN

У Мінабароны Беларусі абвясцілі, што ваенкаматы цалкам скончылі зверку звестак

Зверку звестак прайшлі нібыта 95% ваеннаабавязаных.

У Беларусі скончыліся мерапрыемствы ў зверцы ўліковых звестак – яе прайшлі 95% ваеннаабавязаных, паведамілі ў прэс-службе Мінабароны.

Ва ўстанове нагадалі, што праверка праводзілася з сярэдзіны кастрычніка да снежня 2022 года на даручэнне Лукашэнкі.

Там заявілі, што беларусы "з высокай адказнасцю і разуменнем паставіліся да мерапрыемстваў умацавання абароназдольнасці дзяржавы": паводле інфармацыі Мінабароны, зверку ўліковых звестак прайшлі больш за 95% ваеннаабавязаных.

– Астатнія – гэта тыя, хто ці хварэлі, ці знаходзіліся за мяжой, – удакладнілі ў прэс-службе.

Зверку звестак праводзілі мясцовыя органы ўлады і арганізацыі супольна з ваенкаматамі – гэта дазволіла ўдакладніць інфармацыю, "неабходную ва ўмовах ваенна-палітычнага становішча".

Нагадаем, 4 кастрычніка падчас нарады з сілавікамі Аляксандр Лукашэнка згадаў досвед расейскай частковай мабілізацыі і заявіў, што ў Беларусі яго трэба браць да ўвагі "нягледзячы на тое, што ў Беларусі ў гэтым няма неабходнасці". Ён даручыў правесці праверку ваеннаабавязанага складу "без усялякага гвалту, без шуму".

У Мінабароны паведамілі, што гэтыя мерапрыемствы "носяць выключна планавы характар" і праводзяцца "кожны год", аднак такой маштабнай зверкі звестак за апошнія гады ў Беларусі не было.

Скончыць праверачныя мерапрыемствы абяцалі да канца 2022 года. Аднак на практыцы звесткі прадаўжалі звяраць нават у пачатку студзеня.

Апошнія навіны