Турцыя падтрымала патрабаванне Зяленскага пра поўны вывад войскаў РФ да межаў 1991 года
- 10.01.2023, 19:26
У лістападзе 2022 г. украінскі прэзідэнт прапанаваў формулу міру з 10 пунктаў.
Турцыя падтрымлівае план дасягнення міру ва Украіне, прапанаваны яе прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім. Пра гэта падчас візіту ў Паўднёва-Афрыканскую Рэспубліку заявіў міністр замежных справаў Турцыі Меўлют Чавушаглу, паведамляе Anadolu.
«Вядома, наша мэта – трывалы мір і ўзаемапрымальная пастанова. Мы верым, што гэтая вайна скончыцца за сталом перамоваў. Чым раней, тым лепш», – сказаў Чавушаглу. Турэцкія ўлады працуюць над спыненнем агню і трывалым мірам з 24 лютага, дадаў ён.
«Расея заяўляе, што цяпер гатовая да перамоваў. [Прэзідэнт Украіны Уладзімір] Зяленскі прапанаваў мірны план з 10 пунктаў. Мы, Турцыя, падтрымліваем гэты план і прадаўжаем нашую працу», – падкрэсліў Чавушаглу.
У лістападзе, выступаючы на саміце G20, украінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі прапанаваў формулу міру з 10 пунктаў:
радыяцыйная і ядзерная бяспека;
харчовая бяспека;
энэргетычная бяспека;
вызваленне ўсіх палонных і дэпартаваных;
выкананне Статута ААН і аднаўленне тэрытарыяльнай цэласнасці і сусветнага парадку;
вывад расейскіх войскаў да межаў 1991 года і спыненне баявых дзеянняў;
вяртанне справядлівасці, гэта значыць трыбунал для вінаватых у агрэсіі і кампенсаванне стратаў;
супрацьдзеянне экацыду;
гарантыі бяспекі для Украіны;
фіксацыя заканчэння вайны.
У Маскве адмовіліся абмяркоўваць план Зяленскага. «Не можа існаваць ніякі мірны план Украіны, які не бярэ да ўвагі сённяшнія рэаліі з расейскай тэрыторыяй, з уваходжаннем у склад Расеі новых чатырох рэгіёнаў. Ніякі план, які не бярэ да ўвагі гэтыя рэаліі, не можа прэтэндаваць на тое, каб быць "мірным"», – запэўніваў прэс-сакратар расейскага прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў.
Пры гэтым Уладзімір Пуцін некалькі разоў сцвярджаў, што не адмаўляецца ад перамоваў. «Мы гатовыя дамаўляцца з усімі ўдзельнікамі гэтага працэсу наконт прымальных нейкіх развязак», – падкрэсліваў расейскі прэзідэнт.