Былы галоўны ідэолаг «Адзінай Расеі» заклікаў рыхтавацца да паразы ў вайне і краху РФ
- 10.01.2023, 19:19
Вынікі 2022 года для Расеі – катастрафічныя.
Вынікі 2022 года для Расеі – "катастрафічныя", заявіў у інтэрв'ю "Бізнэс Анлайн" Сяргей Маркаў, у мінулым дэпутат Дзярждумы ад "Адзінай Расеі", адказны за ідэалогію партыі.
Уварванне ва Украіну, якое планавалася як вокамгненны бліцкрыг, паводле словаў Маркава, перарасло ў "доўгачасовую аперацыю" з сотнямі тысячаў ахвяраў, мільёнамі бежанцаў і рэальнай пагрозай ваеннай паразы.
Замест пераходу да шматпалярнага свету, пра які гаворыць прэзідэнт Уладзімір Пуцін, насамрэч адбываюцца "перазагрузка аднапалярнага свету" і "значнае ўзмацненне ЗША, якія паказалі сваю вялікую моц і эфектыўнасць", заявіў Маркаў.
"Расея аказалася слабой, – сказаў ён. – У сутнасці, амерыканцы нанеслі паразу Расейскаму войску рукамі ўкраінскага ў многіх месцах".
Сцвярджэнні пра наяўнасць у Расеі мноства хаўруснікаў, якія зыходзяць ад чыноўнікаў і дэпутатаў, таксама не адпавядаюць рэчаіснасці, і гэта пралік. "Мы ўвогуле не чакалі, што Кітай зойме гіпертрафаваны нейтралітэт, – сказаў Маркаў. – Нам хацелася, каб Пекін займаў больш хаўрусніцкую пазіцыю. Але ён заняў больш нейтральную".
Галоўная прычына – у тым, што Расея не пераможа, мяркуе Маркаў: "Ніхто не хоча стаць хаўруснікам таго, хто пацерпіць паразу".
А крокаў да паразы, паводле ягоных словаў, зроблена ўжо нямала: гэта крах аперацыі ўзяцця пад кантроль большай часткі Украіны, а потым запазненне з "неабходнымі пастановамі". Да такіх, як мяркуе Маркаў, адносяцца мабілізацыя насельніцтва і эканомікі.
Сама вайна, паводле словаў Маркава, не была памылкай. Але прэзідэнт РФ Уладзімір "Пуцін памыліўся, што не ўвёў войскі ва Украіну ў 2014 ці 2015 годзе", заявіў ён. "Вось гэта была галоўная памылка. І ўсе размовы, што мы былі не гатовыя, проста казка. Гэта ўкраінскі рэжым быў не гатовы да такога супраціву, як сёння".
Цяпер жа існуе "сур'ёзная пагроза" паразы, мяркуе Маркаў: "Ваенныя дзеянні могуць перайсці на тэрыторыю РФ з пагрозай акупацыі краіны, падзелу яе на некалькі частак ажно да краху расейскай дзяржаўнасці" або "ліквідацыі РФ як незалежнай дзяржавы ўвогуле".