BE RU EN

Сафіі Сапезе адмовілі ў памілаванні

Палітзняволеную асудзілі да шасці гадоў калоніі агульнага рэжыму.

Палітзняволенай Сафіі Сапезе адмовілі ў памілаванні. Пра гэта расказаў «Медыязоне» яе адвакат Антон Гашынскі.

Летась у верасні Сапега прайшла першы этап памілавання.

– Адміністрацыя калоніі дала станоўчую выснову на хадайніцтва Сафіі і прызнала, што ёю ўжытыя ўсе захады для звароту па памілаванне. Далей яго будзе разглядаць камісія ў пытаннях памілавання пры прэзідэнце, на гэта можа спатрэбіцца блізу трох месяцаў, – гаварыў тады журналістам «Бі-бі-сі» адвакат Антон Гашынскі.

Нагадаем, Сафію Сапегу затрымалі 23 траўня залетась разам з былым галоўным рэдактарам тэлеграм-канала NEXTA Раманам Пратасевічам у менскім аэрапорце пасля таго, як улады Беларусі пасадзілі самалёт авіякампаніі Ryanair, які ляцеў з Афінаў у Вільню. Пара вярталася з адпачынку. Дзяўчыну абвінавацілі ў адміністраванні тэлеграм-канала «Чорная кніга Беларусі», у якім публікуюцца асабістыя звесткі сілавікоў.

Суд пачаўся 28 сакавіка і адбываўся ў закрытым рэжыме. Сапезе высунулі абвінавачанні паводле сямі артыкулаў, але прызналі вінаватай паводле двух – ч. 3 арт. 130 (у здзяйсненні наўмысных дзеянняў, накіраваных на распальванне іншай сацыяльнай варожасці, варожасці паводле прыкметы іншай сацыяльнай прыналежнасці, учыненых арганізаванай групай асобаў, якія вынікавалі іншыя цяжкія наступствы), а таксама паводле ч. 1 арт. 179 (незаконныя збіранне або распаўсюджванне звестак аб прыватным жыцці, якія складаюць асабістую або сямейную таямніцу іншай асобы, без яе згоды, якія вынікавалі прычыненне шкоды правам, свабодам і законным інтарэсам пацярпелых).

Яе асудзілі да шасці гадоў калоніі агульнага рэжыму. Сапега ў калоніі працуе швачкай. Раней у ліставанні яна расказала маці, што працы шмат, усе працуюць без перапынку, здароўе праз стрэс «пакідае жадаць лепшага». У адным з лістоў дзяўчына папрасіла маці паабяцаць ёй, што яна забярэ яе з калоніі.

Апошнія навіны