BE RU EN

Вайсковы экспэрт: УСУ могуць пайсці ў контрнаступ на двух накірунках

Дзеянні Украіны будуць залежаць ад надвор'я і наяўнасці неабходных узбраенняў.

Для Узброеных сіл Украіны прыярытэтнымі для наступальных аперацый сёння з'яўляюцца Запарожская і Луганская вобласці. Адзін з гэтых накірункаў будзе выбраны асноўным, другі - запасным.

Пра гэта распавёў ТСН вайсковы экспэрт, палкоўнік запасу УСУ Раман Світан.

- Самы аптымальны варыянт цяпер пасля таго, як установіцца надвор'е больш-менш марознае, каб можна было весці шырокамаштабныя наступальныя дзеянні - гэта вядома Запарожскі фронт. Нам трэба выйсці на ўзбярэжжа Азоўскага мора для таго, каб перарэзаць плынь вайсковага рыштунку з Расеі ў бок Херсонскай вобласці і Крыма. Гэта адзін з прыярытэтных стратэгічных кірункаў, з прыярытэтных прасоўванняў нашых войск, - адзначыў Світан.

З ягоных слоў, яшчэ адзін раён магчымага наступлення - Сватаўска-Крамянны кірунак у Луганскай вобласці.

- Там таксама ў залежнасці ад надвор'я, наяўнасці сродкаў, якія запытвае наша вайскова-палітычнае кіраўніцтва ў партнёраў, ёсць даволі перспектыўны кірунак - з-пад Сватава ў бок Шчасця, пад Луганск. У залежнасці ад сіл і сродкаў, выдзеленых для гэтых накірункаў, будзе выбраны адзін асноўны. Другі будзе выбраны другарадны. Але думаю аптымальна - гэты кірунак у бок Азоўскага мора, - распавёў экспэрт.

Апошнія навіны