BE RU EN

Намеснік камандзіра палка Каліноўскага: Разам з перамогай Украіны будзе і перамога беларускага народа

Лукашэнка мае сёння нелаяльнае насельніцтва і часткова лаяльныя Узброеныя сілы.

Жыццё беларусаў неўзабаве можа стаць яшчэ больш неспакойным, а Лукашэнка не проста так выпрошваў у Расеі сучасныя сродкі супрацьпаветранай абароны, мяркуе намеснік камандзіра палка імя Кастуся Каліноўскага Вадзім Кабанчук.

Кабанчук перакананы, што Беларусь будзе яшчэ больш уцягнутая ў вайну. «Пуцін прыязджаў з Лукашэнкам дакладна не пра эканамічныя дачыненні размаўляць. Таму што Пуцін цяпер увогуле жыве не эканомікай. Ён жыве ў іншай парадыгме - гэта вайна. На жаль, яны абвесцяць мабілізацыю і будзе эскалацыя канфлікту», - выказаўся Кабанчук.

З яго слоў, беларусы, якія робяць выгляд, што нічога не адбываецца, што вайны няма, павінны плаціць за гэтую трыяду «чарка, скварка, іншамарка», за сацыяльны кантракт з рэжымам Лукашэнкі. «І ўсе мы маем сваю долю адказнасці за тую сітуацыю, у якую цяпер патрапілі».

«На жаль, беларусам трэба рыхтавацца да горшага», - мяркуе ён.

«Вайна для беларуса - самае страшнае, што можа быць у гэтым жыцці. У нас у генетычнай памяці закладзены гэты жах перад вайной. У якім яна выглядзе прыйдзе? Дай Бог, каб яна нас моцна не зачапіла», - не губляе надзею Кабанчук.

Але ён не выключае і найгоршыя варыянты.

«Войска змаўчала ў 2020-м годзе, а Сілы спецыяльных аперацый удзельнічалі ў падаўленні пратэстаў - і гэты бумеранг, гэтая карма да іх вернецца. Пачалася вайна ва Украіне - яны разганялі акцыю «Не вайне». Значыць, хлопцы, якія яе разганялі, яны, напэўна, за вайну. Ну, Лукашэнка і Пуцін дадуць ім магчымасць сябе праявіць у той ці іншай ступені».

Кабанчук мяркуе, што тымі сіламі, якія цяпер ёсць у Беларусі, наступленне ва Украіну немагчымае.

«Магчымая правакацыя, магчымае стварэнне напругі, але наступ - не. Наступ стане магчымым, калі ў Беларусі правядуць мабілізацыю або калі расейцы дашлюць значныя сілы. Павінна быць войска, большае за 50 тысяч. Пакуль мы гэтага не назіраем. Калі яны пойдуць у наступ, я думаю, іх чакае разгром. Яны не рушаць наперад на вялікую глыбіню. Тым больш, што ўкраінцы падрыхтаваныя цяпер значна лепш».

Нават калі не будзе новага наступу на Кіеў з боку Беларусі, «заканчэнне гэтай вайны будзе звязанае з развязаннем пытання Лукашэнкі, беларускага пытання».

Кабанчук мяркуе, што развязка будзе лагічнай і «гэты сатэліт падзеліць лёс свайго патрона».

Пытанне вызвалення Беларусі - гэта пытанне беларусаў, кажа Кабанчук.

«У нас ёсць розныя шляхі, і мы гатовыя да самага радыкальнага», – кажа ён.

Вызваленне палітвязняў і спыненне рэпрэсій у краіне Кабанчук звязвае таксама з перамогай Украіны ў вайне.

«Лукашэнка мае сёння нелаяльнае насельніцтва і часткова лаяльныя Узброеныя сілы. У гэтых варунках ён ніколі не пойдзе на тое, каб кагосьці выпускаць, што можа прывесці да пагаршэння сацыяльна-палітычнай абстаноўкі ўнутры краіны. Яны толькі ў 2020—2021 гадах справіліся, каб усё задушыць.

Для мяне зразумела, што пытанне выхаду нашых палітвязняў ляжыць каля перамогі Украіны. Разам з перамогай Украіны будзе хутчэй за ўсё і перамога беларускага народа. І мы палітвязняў проста выпусцім», - кажа ён.

Апошнія навіны